Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Ліп 2015

Андрэйчанка: Беларусь зацікаўлена ў інвестыцыях бразільскіх дзелавых колаў

29 ліпеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў інвестыцыях бразільскіх дзелавых колаў, заявіў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Бразіліі ў Беларусі Паула Антоніа Перэйра Пінта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Андрэйчанка, у прыватнасці, адзначыў, што Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Бразіліяй па шырокім коле пытанняў, паколькі "развіццё разнапланавых адносін з'яўляецца адным з напрамкаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у Лацінскай Амерыцы". "Лічым, што ў цэлым больш увагі трэба ўдзяляць рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, стварэнню зборачных вытворчасцей у абедзвюх краінах. Мы зацікаўлены, каб бразільскія дзелавыя колы прыходзілі з інвестыцыямі ў нашу краіну, таму што можам прапанаваць шэраг сур'ёзных праектаў, у якія бразільскі бок можа інвесціраваць", - запэўніў спікер. У ліку такіх праектаў ён назваў прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў, сферы машынабудавання, перапрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, альтэрнатыўнай энергетыкі і г.д. "Праз стварэнне такіх вытворчасцей мы зможам выходзіць на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў ён.

Пры гэтым старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў неабходнасць павелічэння тавараабароту, які за апошнія некалькі гадоў значна знізіўся. "У нас у 2011 годзе тавараабарот складаў амаль $1,6 млрд, а за мінулы год ён скараціўся і склаў $765 млн", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка, дадаўшы, што Беларусь надае вялікае значэнне актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У тым ліку, на думку спікера, неабходна пашыраць наменклатуру ўзаемапастаўляемых тавараў.

У сваю чаргу Паула Антоніа Перэйра Пінта адзначыў, што Беларусь і Бразілія маюць некалькі агульных інтарэсаў, а гэта значна спрашчае двухбаковае ўзаемадзеянне па розных напрамках. Дыпламат звярнуў увагу, што абедзве краіны праводзяць міралюбівую палітыку. "Гэтак жа, як Беларусь цяпер удзельнічае ва ўрэгуляванні крызісу ў суседняй краіне (Украіне. - Заўвага БЕЛТА), Бразілія заўсёды з'яўлялася міратворцам на лацінаамерыканскім кантыненце", - сказаў ён. Акрамя таго, паводле слоў пасла, Беларусь і Бразілія з'яўляюцца прыхільнікамі ідэі інтэграцыі інтэграцый і выказваюць зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі.

Цяпер у Нацыянальным сходзе Беларусі пятага склікання дзейнічае рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам Бразіліі. У красавіку 2015 года старшыні Палаты дэпутатаў Нацыянальнага кангрэса Бразіліі Эдуарду Кунья накіравана запрашэнне наведаць з візітам Беларусь. Разглядаецца пытанне аб арганізацыі восенню бягучага года візіту ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі Бразіліі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі