31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адным з лесагаспадарчых прадпрыемстваў Мінскага раёна новы форвардар AMKODOR FF1681 выпрабоўваюць ва ўмовах лесасекі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ААТ "АМКАДОР"- кіруючая кампанія холдынга".
"У Мінскім раёне паспяхова прадаўжаюцца планавыя выпрабаванні доследнага ўзору харвестара AMKODOR FH3081 ва ўмовах лесасекі. Цяпер да яго далучылася другая новая машына - форвардар AMKODOR FF1681, задача якога грузіць нарыхтаваныя харвестарам лесаматэрыялы (сартыменты) на ўласныя шасі і вывозіць іх з лесу ў месцы складзіравання", - расказалі ў прэс-службе.
Гэта інавацыйная тэхніка цяжкага класа павышанай прадукцыйнасці, якая прызначана, у першую чаргу для эксплуатацыі ва ўмовах лесанарыхтовак у Расіі.
AMKODOR FF1681 аснашчаны сістэмай падоўжнага перамяшчэння шчыта, што дазваляе тарцаваць перавозімыя лесаматэрыялы і грузіць сартыменты з улікам аптымальнай нагрузкі на колы. Грузавы адсек можа пашырацца на 0,6 м пры перавозцы караткамерных сартыментаў.
"Форвардар без праблем загружае і перавозіць больш за 20 кубаметраў драўніны. Ён таксама аснашчаны лябёдкай для самавыцягвання, але пакуль, у зімовы перыяд лесанарыхтоўкі, яна яму не спатрэбілася, - падкрэслілі ў прэс-службе. - У машыне ўвасоблены лепшыя тэхнічныя рашэнні, а ўсе сістэмы форвардара кіруюцца электронікай. Пры выпрабаваннях яны будуць настроены і аптымізаваны".
У далейшым машыну будуць выпрабоўваць ва ўмовах расійскіх лесасек.
ААТ "АМКАДОР" - кіруючая кампанія холдынга" створана ў 1927 годзе. Тут вырабляюць 125 мадэлей і мадыфікацый тэхнікі без уліку варыянтаў апцыйных камплектацый машын. Колькасць супрацоўнікаў перасягае 6 тыс. Усе прадпрыемствы холдынга інтэграваны ў адзіны тэхналагічны ланцуг. Кожны ўдзельнік спецыялізуецца на выпуску канкрэтных машын, вузлоў і агрэгатаў для ўсіх прадпрыемстваў кампаніі. У холдынгу пастаянна распрацоўваюць новыя мадэлі тэхнікі і ўдасканальваюць існуючыя.