10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "АМКАДОР" прадставіў тэхніку на выстаўцы "Усерасійскі дзень поля - 2023" у Татарстане, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
На сваёй выставачнай экспазіцыі холдынг прадставіў універсальны пагрузчык АМКАДОР 342С4, універсальны пагрузчык з тэлескапічнай стралой АМКАДОР 527, а таксама макет зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.
У ходзе мерапрыемства былі праведзены дзелавыя форумы і круглыя сталы, на якіх спецыялісты абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця сельскай гаспадаркі і вытворчасці сельгастэхнікі. "Удзел ва "Усерасійскім дні поля" стаў выдатнай магчымасцю для холдынга прадэманстраваць сваю прадукцыю і паслугі, устанавіць новыя кантакты з патэнцыяльнымі партнёрамі і кліентамі", - адзначылі ў прэс-службе.
"Усерасійскі дзень поля" - маштабная падзея ў свеце сельскай гаспадаркі, якая праводзіцца кожны год у розных рэгіёнах Расіі. У гэтым годзе яна адбылася ў Рэспубліцы Татарстан, дзе сабраліся прадстаўнікі больш як 400 кампаній, якія прадэманстравалі свае дасягненні ў сельскагаспадарчай тэхніцы і абсталяванні, раслінаводстве, жывёлагадоўлі, тэхналогіях перапрацоўкі.
"АМКАДОР" заснаваны ў 1927 годзе. У складзе холдынга - 30 юрыдычных асоб, 22 заводы, якія выпускаюць больш за 6500 найменняў таварнай прадукцыі, у тым ліку 135 мадэлей і мадыфікацый спецыяльнай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Усе прадпрыемствы холдынга інтэграваны ў адзіны тэхналагічны ланцуг. Кожны ўдзельнік спецыялізуецца на выпуску канкрэтных машын, вузлоў і агрэгатаў. У кампаніі пастаянна распрацоўваюць новыя мадэлі тэхнікі і ўдасканальваюць існуючыя.