25 жніўня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Аман вывучыць магчымасці ўдзелу ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў перад пачаткам першага пасяджэння Беларуска-аманскага дзелавога савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Склад аманскай дэлегацыі такі, што прысутнічаюць кампаніі, якія гатовы інвесціраваць. Мы ўзгаднялі з імі тыя прэзентацыі, якія іх цікавяць. Ёсць інтарэс у аманскай дэлегацыі выслухаць умовы вядзення бізнесу ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" для таго, каб, магчыма, удзельнічаць у яго далейшай рабоце", - адзначыў Міхаіл Мятлікаў.
Ён нагадаў, што пагадненне аб стварэнні Беларуска-аманскага дзелавога савета было падпісана яшчэ ў 2010 годзе, але першае яго пасяджэнне праводзіцца толькі цяпер. "Да нас прыбылі тыя кампаніі, якія разглядаюць куплю нашай прадукцыі для пастаўкі ў свой рэгіён. Калі мы будзем разглядаць статыстыку экспарту-імпарту Амана, то ўбачым, што гэта краіна, якая экспартуе нафту і нафтапрадукты, сціснуты газ. І заўсёды разглядае магчымасці набыцця прадуктаў харчавання і прадукцыі машынабудавання", - растлумачыў Міхаіл Мятлікаў.
Паводле слоў старшыні БелГПП, у час пасяджэння дзелавога савета будуць праведзены прэзентацыі інвестыцыйнага клімату Беларусі, айчынных экспарцёраў. Таксама будуць арганізаваны наведванні машынабудаўнічых прадпрыемстваў для таго, каб аманскі бок мог азнаёміцца з прадукцыяй, правесці перагаворы з кіраўнікамі аб магчымых пастаўках. "Геаграфічнае размяшчэнне Амана дае магчымасць працаваць не толькі з гэтай краінай, у якой насельніцтва менш, чым у Беларусі, але і разглядаць яе з улікам партовай інфраструктуры для паставак на ўвесь рэгіён Аравійскага паўвострава", - падкрэсліў Міхаіл Мятлікаў.
У сваю чаргу старшыня эканамічнага камітэта Гандлёва-прамысловай палаты Амана Кайс бен Махамед аль-Юсеф адзначыў, што асноўная задача прыезду ў Беларусь - пошук найбольш перспектыўных напрамкаў для пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. "Што датычыцца інвестыцыйнай дзейнасці Амана, то цяпер мы рэалізуем шэраг праектаў, якія могуць быць цікавыя. Адзін з такіх праектаў звязаны са стварэннем буйнога лагістычнага цэнтра ў нашым рэгіёне. Калі гаварыць аб інвестыцыях Амана ў Беларусь, то перспектывы бачацца перш за ўсё ў такіх напрамках, як цяжкая прамысловасць і нафтахімічны комплекс", - канстатаваў ён.