11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 130 навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак у галіне энергетыкі і рацыянальнага энергазберажэння, геалогіі, аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай бяспекі прадставяць беларускія распрацоўшчыкі на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра" (Energy Expo), якая адбудзецца з 12 па 15 кастрычніка ў Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
На калектыўным стэндзе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях свае экспанаты прадэманструюць установы і арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Сярод найбольш цікавых распрацовак - праграмна-апаратны комплекс у выглядзе бесправадной аднаўзроўневай сістэмы збору, уліку, апрацоўкі і перадачы інфармацыі аб спажыванні энергарэсурсаў (АСКУЭР) на аснове SMART-лічыльніка, арганамінеральныя ўгнаенні і прэпараты, якія даюць магчымасць аднаўляць урадлівы слой зямлі, тэхналогія сінтэзу малочнай кіслаты для атрымання біяраскладальных палімерных матэрыялаў, тэхналогія вырабу энергазберагальных плоскіх алюмініевых награвальных элементаў, архітэктурны 3D-макет цэнтра з сонечнай электрастанцыяй са светлавым і дынамічным адлюстраваннем выпрацоўкі электраэнергіі на працягу светлавога дня і іншыя.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка Energy Expo пройдзе ў сталічным Футбольным манежы па адрасе: пр.Пераможцаў, 20/2 (на адной пляцоўцы з міжнароднымі спецыялізаванымі выстаўкамі Oil&Gas Technologies, "Атамэкспа-Беларусь", "ЭкспаСвятло", "Водныя і паветраныя тэхналогіі", "ЭкспаГорад").