Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

10 Снж 2019

Ад Еўропы да Афрыкі: дзе Беларусь у 2020 годзе прэзентуе экспартныя магчымасці

Ад Еўропы да Афрыкі: дзе Беларусь у 2020 годзе прэзентуе экспартныя магчымасці
Фота з архіва

У Беларусі зацвердзілі план нацыянальных выставак за мяжой на 2020 год. Вялікабрытанія і Германія, Кітай і Зімбабвэ, Швейцарыя і Сінгапур - беларускія прадпрыемствы прадставяць свае экспазіцыі ў розных кутках свету. Аб тым, якіх вынікаў дасягаюць айчынныя вытворцы дзякуючы ўдзелу ў замежных выстаўках і якую ролю адыграе прыняцце ўказа аб падтрымцы экспарту, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

У плане нацыянальных экспазіцый за мяжой на наступны год спалучаюцца ўніверсальныя і галіновыя, спецыялізаваныя выстаўкі. Пры яго складанні былі ўлічаны прапановы пасольстваў, Міністэрства замежных спраў і іншых ведамстваў. Пры адборы разглядалася больш як 100 выставак. "Мы правялі папярэднюю аналітычную ацэнку кожнай з іх з пункту гледжання профілю, эфектыўнасці, удзелу іншых краін, прадпрыемстваў. Улічвалася і формула экспарту 30-30-30, да якой мы імкнёмся, каб збалансаваць нашы экспартныя пастаўкі. Мы зыходзілі таксама з прадукцыі, якую вырабляюць нашы прадпрыемствы, і яе канкурэнтаздольнасці на гэтых рынках", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Еўропа

Нацыянальная экспазіцыя будзе прадэманстравана ў сакавіку на міжнароднай турыстычнай выстаўцы ITB Berlin (Германія). Беларусь актыўна развівае экспарт турыстычных паслуг, таму зацікаўлена ва ўдзеле. Нацыянальная экспазіцыя ў 2020 годзе на гэтай выстаўцы будзе прадстаўлена ўпершыню, яе рыхтуюць Міністэрства спорту і турызму, турыстычныя арганізацыі. "У нас ёсць значныя дасягненні і высокія ацэнкі, у прыватнасці па агратурызме, медыцынскім турызме. Наша задача ў тым, каб прэзентаваць Беларусь як турыстычны напрамак, прадставіць нашы магчымасці ўдзельнікам выстаўкі, а гэта больш як 180 краін", - адзначыў старшыня БелГПП.

Яшчэ адна прыкметная галіновая выстаўка - Inventions Geneva. Міжнародная выстаўка вынаходстваў праходзіць у Швейцарыі - краіне, якая займае першае месца па патэнтах у сферы інтэлектуальнай уласнасці і штучнага інтэлекту, - і праводзіцца пад патранажам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ). Тут галоўным арганізатарам нацыянальнай экспазіцыі выступае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. "Мы ўдзельнічаем у Inventions Geneva невыпадкова: у нас ёсць сур'ёзныя напрацоўкі. І калі ва ўніверсальных выстаўках мы прадстаўляем прадукцыю Made in Belarus, то тут прэзентуем Беларусь інтэлектуальную", - дадаў Уладзімір Улаховіч.

Беларусь у 2020 годзе будзе прадстаўлена і на міжнароднай будаўнічай выстаўцы UK Construction Week у Бірмінгеме (Вялікабрытанія). Беларускія прадпрыемствы дрэваапрацоўкі атрымалі эксклюзіўнае запрашэнне ад арганізатара быць у наступным годзе адной з прывілеяваных краін-партнёраў на гэтай выстаўцы. Брытанскі рынак новы для беларускай дрэваапрацоўкі, і ёсць значныя магчымасці для пашырэння прадукцыі.

Нацыянальная экспазіцыя ўпершыню будзе прадстаўлена на PLMA World of Private Label у Амстэрдаме (Нідэрланды). У гэтым мерапрыемстве плануецца забяспечыць шырокі ўдзел невялікіх беларускіх прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці.

Азія і Афрыка

Міжнародная выстаўка прадуктаў харчавання, гасцінічнага бізнесу і сельскай гаспадаркі Food & Hotel Asia ў Сінгапуры адна з буйнейшых у свеце. Прадстаўнікі каля 100 краін сустракаюцца на гэтым форуме, каб дэманстраваць шырокую лінейку прадукцыі. "Перш за ўсё для нас цікавы рынак краін АСЕАН, паколькі гэта фактычна інтэграваная прастора. Напрыклад, Сінгапур зняў зборы і мытныя пошліны ў рамках гэтага вялікага рынку, які хутка развіваецца", - адзначыў старшыня БелГПП.

Акрамя таго, нацыянальная экспазіцыя Беларусі будзе прадстаўлена на дзвюх выстаўках у Кітаі: на III Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту ў Шанхаі і на Міжнародным кірмашы Заходняга Кітая ў Чэнду. "Не так часта на выстаўках адразу атрымліваюцца кантракты. Неабходны час, каб партнёры зразумелі адзін аднаго, ацанілі, падрыхтаваліся, усё падлічылі. У бягучым годзе на выстаўцы імпарту ў нас спрацаваў эфект паўторнага ўдзелу: яна прынесла кантракты на пастаўкі беларускай прадукцыі больш як на $170 млн, - звярнуў увагу Уладзімір Улаховіч. - Што датычыцца выстаўкі ў Чэнду, мінулы раз яе наведалі амаль 500 млн гасцей. У нас ёсць магчымасць выкарыстоўваць гэту пляцоўку, каб пашыраць нашу прадукцыю. Кітай сёння адкрывае свой рынак, імпартуе ў тым ліку прадукты харчавання ў вялікіх аб'ёмах. Таму для нас гэта вельмі перспектыўны і важны рынак".

Беларусь будзе прэзентавана і на выстаўцы Zimbabwe International Trade Fair у Зімбабвэ. Мінулы раз у гэтай выстаўцы прымалі ўдзел больш як 10 афрыканскіх краін, якія маюць добры патэнцыял і рэсурсы, у тым ліку Замбія, Мазамбік, Малаві, Батсвана, Намібія. "Гэта вельмі цікавы напрамак, які таксама знаходзіцца ў полі нашага зроку. Акрамя таго, мы атрымалі запрашэнне ад прэзідэнта Зімбабвэ паўдзельнічаць на ўзроўні нацыянальнай экспазіцыі", - падкрэсліў старшыня БелГПП.

У плане нацыянальных экспазіцый няма Расіі і іншых краін СНД, няма Лацінскай Амерыкі. Але гэта не значыць, што на выстаўках у гэтых рэгіёнах у 2020 годзе не будзе прадстаўлена беларуская прадукцыя. Беларуская гандлёва-прамысловая палата фарміруе таксама больш шырокі план выставак, ён будзе гатовы на працягу двух тыдняў. Плануецца, што ў яго ўвойдуць каля 45 форумаў. Беларускія тавары будуць прэзентаваны ў тым ліку і ў Казані, Уладзівастоку, Екацярынбургу, Ташкенце, Гаване.

Эфект ад удзелу ў выстаўках

Выставачна-кірмашовую дзейнасць у замежных дзяржавах з мая 2018 года каардынуе Беларуская гандлёва-прамысловая палата. "Калі нас надзялілі статусам нацыянальнага каардынатара, мы, вядома ж, задаліся пытаннем, наколькі выстаўкі эфектыўныя. Часам складваецца ўражанне, што ёсць сёння лічбавае асяроддзе, віртуальная прастора, дзе можна знайсці любую прадукцыю, тэхнічнае апісанне, можна пагаварыць з партнёрам па Skype. Але ў канчатковым выніку выставачная індустрыя ў свеце прадаўжае развівацца і пашырацца. І нішто не можа замяніць жывога ўдзелу прадстаўнікоў прадпрыемстваў, зацікаўленых арганізацый у выстаўках", - упэўнены Уладзімір Улаховіч.

Эфектыўнасць выставак пацвярджаецца і міжнароднай статыстыкай. Яны маюць як кароткатэрміновы, так і доўгатэрміновы эфект. "Можна прадставіць прадукцыю, знайсці партнёраў, папярэдне дамовіцца аб парадку перагавораў. Гэта іміджавы эфект. Але трэба разумець, што кантракты рэдка падпісваюцца адразу, яны патрабуюць дадатковай, больш грунтоўнай прапрацоўкі. Вось нядаўні прыклад. Мы вельмі паспяхова правялі выстаўку Made in Belarus у Ташкенце. Наша прадпрыемства ў галіне сельгасмашынабудавання сустрэлася там з партнёрам, і пасля 6-8 месяцаў абмеркаванняў яны выйшлі на сур'ёзныя пастаўкі. Мы на выстаўках часта адкрываем магчымасці, якія даюць праз пэўны час добры вынік", - расказаў старшыня БелГПП.

Указ аб падтрымцы экспарту

Не так даўно быў падпісаны ўказ нумар 412, згодна з якім дзяржава будзе кампенсаваць экспарцёрам да 50 працэнтаў расходаў на замежныя выстаўкі і сертыфікацыю. Гэта важны інструмент, які адкрывае магчымасці для падтрымкі прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. "Мы цяпер сумесна з Міністэрствам замежных спраў і іншымі органамі адпрацоўваем формулу, каб прадпрыемствам было зразумела, як атрымаць гэту падтрымку. У бліжэйшы час мы абмяркуем гэтыя пытанні з шырокім колам вытворцаў. Такі інструмент падтрымкі існуе і ў іншых краінах. Думаю, мы таксама атрымаем добрыя вынікі", - сказаў Уладзімір Улаховіч.

Указ будзе садзейнічаць у тым ліку ўдзелу арганізацый у галіновых вузканакіраваных выстаўках, дзе можна знайсці партнёраў у вузкай сферы і весці дыялог на тэхналагічным узроўні. На думку старшыні БелГПП, важна падтрымаць прадпрыемствы на гэтым трэку ўзаемадзеяння.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА, БЕЛТА.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі