4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з Расіяй складваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, але без гарманізацыі адносін у розных сферах будзе складана. Такое меркаванне ў праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА выказала старшы выкладчык кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Юлія Абуховіч.
"Што мы сёння бачым у супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй? Мы ім вельмі патрэбны, як аказалася. Што самае галоўнае - мы ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. А цяпер у нас выспявае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Пры гэтым мы павінны дакладна разумець: без гарманізацыі нашых адносін, без адзінай палітыкі ў прамысловасці, медыцыне, адукацыі, тэхналогіях, у любых сферах мы зноў будзем вельмі павольна рухацца да нечага большага", - лічыць Юлія Абуховіч.
У прыклад яна прывяла такія прадпрыемствы, як МАЗ і КАМАЗ, якія заўсёды лічыліся канкурэнтамі. Сінхранізаваць вытворчасць тут складана, але можна ісці па шляху стварэння кластараў, аб'яднанняў, якія будуць адзін аднаму выгадныя і карысныя.
Юлія Абуховіч звярнула ўвагу, што важнасць беларуска-расійскага супрацоўніцтва стала відавочна пасля ўводу санкцый з боку заходніх краін. На яе думку, сённяшняя сітуацыя яшчэ раз паказала: разам лягчэй пераадольваць цяжкасці.
"Мы пад санкцыямі чвэрць стагоддзя, і зноў уведзеныя санкцыі ў сувязі са спецыяльнай ваеннай аперацыяй, вядома, вельмі жорстка ўдарылі з новай сілай. Але ўжо не з нуля. Памятаем, як вельмі цяжка нашы прадпрыемствы машынабудавання, у тым ліку МАЗ, трактарны завод, прыстасоўваліся да таго, што адбываецца", - сказала Юлія Абуховіч.