22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі за апошнія пяць гадоў вырас у 2,5 раза. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на V Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паказчыкам сусветнага інтарэсу да беларускай эканомікі з'яўляецца ўзросшая актыўнасць замежных інвестараў. За апошнія пяць гадоў аб'ём замежных інвестыцый у эканоміку вырас у 2,5 раза, пры гэтым прыцягнута амаль $11 млрд на чыстай аснове", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. Гэты паказчык вырас з $5,2 тыс. у 1990 годзе да $16,5 тыс. у 2010 годзе і да амаль $18 тыс. у 2015-м.
"І ў эканамічнай сферы ёсць нямала станоўчых фактараў. У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае абнаўленне дзевяці буйнейшых дрэваапрацоўчых вытворчасцей, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту "сухім" спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У краіне асвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т. "Чарга на атрыманне яго выстраілася па ўсім свеце. Пабудаваны завод па вытворчасці сучасных чыгуначных электрапаяздоў. Такія электрапаязды ўжо сталі на рэйкі ў нашай Беларусі. Пачалося будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць абнавіць тэхналогіі і істотна скараціць затраты на выпуск вырабаў. Зніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці прадукцыі ў прамысловасці склала каля 8 працэнтаў. За 5 гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчаны больш за тысячу малочнатаварных, 55 свінагадоўчых, 456 зернесушыльных комплексаў, больш як 500 птушкагадоўчых ферм. "Уся новая тэхніка ў вёсцы айчыннай вытворчасці. Аўтаматызацыя асноўных тэхналагічных працэсаў сельгасвытворчасці дала магчымасць павялічыць прадукцыйнасць працы за пяцігодку ў вёсцы амаль у 1,5 раза", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.