2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод гатовы актывізаваць супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА заявіў генеральны дырэктар ААТ "МТЗ" Віталь Воўк.
"Супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай развіваецца па трох асноўных напрамках. У прыватнасці, прадаўжаецца праект па арганізацыі ў Кітаі зборкі трактароў BELARUS магутнасцю 350 к.с. Першы прататып прайшоў выпрабаванні ў 2020-2021 гадах. У мінулым годзе ў Кітай былі пастаўлены яшчэ два трактары BELARUS 3523 для ўстаноўкі электрапрывода CRRC і далейшай сертыфікацыі. Пасля сертыфікацыйных выпрабаванняў будзе прынята рашэнне аб лакалізацыі зборкі беларускіх трактароў", - расказаў Віталь Воўк.
Працягваюцца выпрабаванні трактара BELARUS 3523 з дызельным рухавіком кітайскай карпарацыі Weichai. Па выніках стэндавых праверак спецыялісты вынеслі свой вердыкт, цяпер тэхніка ў чаканні пачатку вясенніх палявых работ, каб выехаць на ворыва. Таксама ў цэху доследных выпрабаванняў нумар 1 у стадыі зборкі знаходзіцца другі BELARUS 3523 з рухавіком Weichai. Сабрана і аб'езджана трансмісія, устаноўлены матор, пярэдні брус з блокам ахаладжэння і пярэдні вядучы мост. Чакаецца, што ў цэх выпрабаванняў трактар адправіцца ў канцы сакавіка.
Пры гэтым можна заявіць, што праект адбыўся: у бліжэйшы час 100 рухавікоў Weichai паступяць у адрас Мінскага трактарнага завода, пасля чаго будзе падрыхтаваны кантракт на пастаўку да канца года, а таксама далейшыя пастаўкі", - запэўніў топ-менеджар. Ён канстатаваў, што ва ўпраўленні канструктарска-эксперыментальных работ нумар 1 вядуцца работы па выкарыстанні бесступеньчатых трансмісій CVT на трактарах BELARUS магутнасцю 240-280 к.с. і 300 к.с. На красавік запланаваны візіт спецыялістаў упраўлення ў Кітай для дэталізацыі праекта.
Яшчэ адзін напрамак звязаны з пастаўкамі камплектуючых з КНР. У мінулым годзе імпарт з Кітая склаў $1,8 млн, па выніках двух месяцаў бягучага года - $400 тыс.
"Таксама Мінскі трактарны завод зацікаўлены ў рэалізацыі буйных сумесных інвестыцыйных праектаў, спецыялісты абедзвюх краін актыўна працуюць у гэтым напрамку", - падагульніў Віталь Воўк.