5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду на 1 студзеня, паводле папярэдніх даных, склалі $7,315 млрд у эквіваленце. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.За снежань 2017 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на $98,4 млн (на 1,3 працэнта) пасля росту ў лістападзе 2017 года на $18,4 млн (на 0,2 працэнта).
Стрымальны ўплыў на дынаміку міжнародных рэзервовых актываў у снежні аказала планавае пагашэнне ўрадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля $501 млн.
Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у снежні садзейнічалі паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама аказала павелічэнне кошту манетарнага золата.
Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год быў прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў у вызначэнні ССРД МВФ не менш як на $500 млн. У цэлым па выніках 2017 года прырост рэзерваў склаў $2,388 млрд (48,5 працэнта).
Асноўнымі фактарамі росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2017 годзе сталі прыцягненне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", паступленне траншаў фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, паступленне сродкаў крэдыту ўрада Расійскай Федэрацыі, а таксама павелічэнне кошту манетарнага золата.
Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб'ёме былі выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце.
Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўнутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш як
$6 млрд.