6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 красавіка склалі $6,99 млрд, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 красавіка 2018 года, паводле папярэдніх даных, склалі $6,994 млрд (у эквіваленце).
За сакавік золатавалютныя рэзервы знізіліся на $98,8 млн (на 1,4 працэнта) пасля росту ў лютым на $616,1 млн (на 9,5 працэнта).
Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках сакавіка абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму каля $415 млн.
Падтрыманню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у сакавіку садзейнічалі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа", а таксама павелічэнне кошту манетарнага золата.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўрадам і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш як $6 млрд.