25 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Зборачную вытворчасць тэхнікі "Амкадор" плануецца адкрыць у Егіпце, паведаміў сёння журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч па выніках беларуска-егіпецкай сумеснай гандлёвай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На заключнай стадыі знаходзяцца дамоўленасці па стварэнні ў Егіпце зборачнай вытворчасці "Амкадор". Егіпецкая дэлегацыя ўчора наведала гэта прадпрыемства, яна адзначыла высокую якасць прадукцыі прадпрыемства і зацікаўлена ў супрацоўніцтве", - сказаў Уладзімір Калтовіч.
Паводле яго слоў, Егіпет таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў галіне транспарту, аб чым ішла размова на перагаворах з віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам і міністрам транспарту і камунікацый Анатолем Сіваком. "Абмеркаваны тры напрамкі ўзаемадзеяння. Першы - мадэрнізацыя наземнага транспарту (аўтобусы, тралейбусы, трамваі). Другі - павелічэнне грузаабароту і міжрэгіяльных перавозак: егіпецкі бок ставіць задачу павялічыць у 10 разоў аб'ём грузаперавозак. Трэці - рэканструкцыя чыгуначнага транспарту. Абмеркаваны нашы магчымасці ў галіне паставак рухомага саставу, егіпецкі бок выказаў зацікаўленасць у гэтай тэме", - расказаў міністр.
Акрамя таго, намечаны сур'ёзныя праекты ў галіне сельскай гаспадаркі. "Егіпет выдзеліў для нашага агульнага праекта зямельны ўчастак, створана рабочая група ў ходзе сённяшняй камісіі. Беларускі бок узначаліць адзін з намеснікаў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. У бліжэйшы час рабочая група наведае Егіпет, дзе будзе прапрацавана пытанне па выкарыстанні беларускіх тэхналогій пры будаўніцтве аграгарадкоў, малочнатаварных ферм", - адзначыў Уладзімір Калтовіч.
У сваю чаргу міністр гандлю і прамысловасці Егіпта Тарык Кабіль ацаніў перагаворы егіпецкай дэлегацыі з намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем як плённыя. "Мы абмяркоўвалі новыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. Мы паспрабуем сканцэнтраваць нашу ўвагу на развіцці прамысловай кааперацыі і інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - сказаў ён.