4 лютага, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Завод па выпуску кардону ў Добрушы пачне работу да канца года. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да канца года фабрыка выйдзе на работу ў нармальным рэжыме. Мы поўнасцю запусцім вытворчасць, наладзім, створым сістэму кіравання і пачнём працаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Усе работы, паводле яго слоў, у асноўным будуць завершаны беларускімі прадпрыемствамі. Запускаць абсталяванне будзе аўстрыйская кампанія.
У старых карпусах Добрушскай папяровай фабрыкі плануюць арганізаваць вытворчасць упакоўкі з новага кардону. "Мы ўмеем гэта рабіць, у нас ёсць у друкарнях кампетэнцыі, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Да канца года мы гэта пачнём рабіць ужо тут, на старых плошчах".
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што, не пабываўшы на заводзе, ён не мог прыняць рашэнне аб фінансаванні завяршэння яго будаўніцтва. "Была невялікая затрымка ў сувязі з тым, што мною не быў падпісаны ўказ. А падпісваць яго я не мог, таму што не бачыў, што тут адбываецца. У цёмную я нічога не збіраўся рабіць, - заявіў ён. - Усё для таго, каб гэта прадпрыемства працавала, у нас ёсць".
Прэзідэнт дадаў, што восенню, магчыма, наведае завод і паглядзіць, як ён рыхтуецца да адкрыцця.