8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Мурманскай вобласці ёсць рэзервы для развіцця супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц у час сустрэчы з намеснікам губернатара Мурманскай вобласці Вольгай Кузняцовай, перадае карэспандэнт.
"Рады, што ваша дэлегацыя прыехала ў Беларусь, прымае ўдзел у выстаўцы "Белагра-2022". Ваш візіт важны для ўмацавання нашых гандлёва-эканамічных адносін. У нас ёсць рэзервы, якімі мы павінны скарыстацца", - сказаў Леанід Заяц і падкрэсліў неабходнасць павышэння эфектыўнасці сумеснай работы.
Сярод перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва - машынабудаванне, лёгкая прамысловасць і сельская гаспадарка, пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання. "Трэба выбудаваць нашы адносіны такім чынам, каб яны былі дзейснымі. У нас шырокія магчымасці, мы можам быць карысныя адзін аднаму ў розных сферах", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Вольга Кузняцова ў сваю чаргу адзначыла, што прадстаўнікі Мурманскай вобласці плённа папрацавалі на выстаўцы "Белагра", наведалі некалькі беларускіх прадпрыемстваў. Яна таксама выказала гатоўнасць выкарыстоўваць усе існуючыя рэзервы супрацоўніцтва. У прыватнасці, у мурманскага боку ёсць прапановы па супрацоўніцтве з БЕЛАЗам і МАЗам.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2022" праходзіць 7-11 чэрвеня ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. У гэтым годзе ўдзел у выстаўцы прымаюць звыш 400 кампаній з розных краін, у тым ліку Беларусі, Кітая, Казахстана, Таджыкістана і іншых. Вялікая колькасць удзельнікаў ад Расіі - больш за 30 рэгіёнаў.
Калектыўныя экспазіцыі сфарміравалі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, канцэрн "Белдзяржхарчпрам", Белкаапсаюз.
"Белагра" стала і пляцоўкай для дзелавых перагавораў. У праграму выстаўкі ўвайшлі В2В-сустрэчы, круглыя сталы, канферэнцыі, дэманстрацыйныя паказы і конкурсы.