19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На перагаворах з Міжнародным валютным фондам у частцы павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва прыярытэт аддаецца мерам сацыяльнай абароны, заявіў у час круглага стала на сайце БЕЛТА першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Забароўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як у пачатку нашага дыялогу з МВФ, так і цяпер беларускі бок настойвае на тым, каб у першую чаргу быў аддадзены прыярытэт мерам сацыяльнай абароны. Таксама нашы манаполіі павінны мець дакладны і амбіцыйны план зніжэння затрат. Зразумела, што гэтыя змяненні не ў адзін год адбываюцца, размова аб сярэднетэрміновай праграме", - адзначыў Аляксандр Забароўскі.
Паводле яго слоў, існуючая сістэма субсідзіравання ў сектары жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі мае два элементы. Першы - гэта перакрыжаванае субсідзіраванне, калі прадпрыемствы за кошт больш высокіх тарыфаў для сябе аплачваюць частку кошту паслуг для насельніцтва. У выніку на агульным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза беларускія вытворцы знаходзяцца ў горшых умовах у параўнанні з канкурэнтамі, што, зразумела, уплывае на іх канкурэнтаздольнасць. Асабліва гэта датычыцца энергаёмістых прадпрыемстваў - металургіі, нафтахімічнага комплексу, машынабудавання. Другі элемент - гэта бюджэтны канал, які накіраваны на субсідыі ўсім слаям насельніцтва незалежна ад іх даходу. "Таму з класічнага пункту гледжання існуючы механізм субсідзіравання паслуг ЖКГ патрабуе ўдасканалення, што прынясе шэраг істотных эфектаў для эканомікі. Адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў, а частка бюджэтных сродкаў, якая цяпер раўнамерна размяркоўваецца ўсім слаям насельніцтва, будзе мэтава накіравана на субсідыі найменш абароненым грамадзянам", - растлумачыў першы намеснік міністра.
Адносна перагаворнай пазіцыі беларускага боку Аляксандр Забароўскі расказаў, што МВФ прапануецца разглядаць тарыфы на ЖКП не адасоблена, як гэта было ў многіх класічных праграмах фонду, а ва ўвязцы з трыма важнейшымі тэмамі. Першая тэма - сур'ёзнае зніжэнне затрат манаполій. "Мы лічым несправядлівым перакладаць вельмі вялікія затраты манаполій на насельніцтва. Таму працэс змянення тарыфаў павінен ісці ва ўвязцы са зніжэннем затрат манаполій і павышэннем эфектыўнасці работы сістэм ЖКГ і энергетыкі", - расказаў ён.
Другі момант, паводле слоў першага намесніка міністра, звязаны з тым, што працэс павінен ісці паралельна з разгортваннем эфектыўнай сістэмы адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва. "Інакш кажучы, не павінна атрымацца так, што тарыфы павысіліся, а сістэма адраснай сацабароны не паспела адрэагаваць на патрэбы малазабяспечаных, слабаабароненых грамадзян", - растлумачыў Аляксандр Забароўскі.
Трэцяя тэма заключаецца ў тым, што неабходна мець на ўвазе развіццё энергетычнага рынку ў ЕАЭС. "У сярэднетэрміновым перыядзе цэны на энерганосьбіты ў саюзе павінны быць уніфікаваны. Праведзеныя перагаворы з расійскімі калегамі гэта пацвярджаюць. Таму мы павінны ўзважана падыходзіць да сярэднетэрміновага прагнозу цэн на прыродны газ для таго, каб загадзя не задзіраць разліковыя затраты манаполій", - лічыць ён.
Пры гэтым Аляксандр Забароўскі падкрэсліў, што ёсць дзве асноўныя кропкі павышэння кампенсацыі затрат насельніцтвам: да канца 2017 года павінны выйсці на 75 працэнтаў, да канца 2018 года - на 100 працэнтаў. "У прынцыпе, гэтыя лічбы не з'яўляюцца навіной, яны адлюстраваны ў праграме дзейнасці ўрада. Другое пытанне, наколькі павінны быць павышаны тарыфы ў абсалютнай велічыні, каб мы дасягнулі мэты па ўзроўні пакрыцця тарыфамі затрат", - сказаў ён. Паводле яго слоў, наперадзе вялікая работа з манаполіямі, з сістэмай адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва. "Усё павінна прайсці так, як патрабуе кіраўнік дзяржавы: максімальна празрыста і эфектыўна, каб у выніку павысілася эфектыўнасць размеркавання рэсурсаў у эканоміцы", - адзначыў першы намеснік міністра.
Ён падкрэсліў, што МВФ чуе пазіцыю беларускага боку, але просіць сур'ёзных гарантый таго, што заяўленыя ўзроўні пакрыцця затрат насельніцтвам на паслугі ЖКГ будуць дасягнуты.