13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З уводам БелАЭС і ростам спажывання электрычнай энергіі для рэальнага сектара эканомікі плануюць устанавіць больш нізкія тарыфы на электраэнергію. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для рэальнага сектара эканомікі плануецца ўстанавіць больш нізкія тарыфы з улікам росту электраспажывання ў краіне", - сказаў Віктар Каранкевіч.
Ён нагадаў, што 7 жніўня ў рэактар першага энергаблока на БелАЭС пачалася загрузка ядзернага паліва. Гэту работу плануецца завяршыць 13 жніўня - усе 163 цеплавыдзяляльныя зборкі павінны быць загружаны. "Далей - гэта зборка рэактара, яго ўшчыльненне і выхад на мінімальную магутнасць работы. Уключэнне абсталявання ў сетку і выдача электрычнай энергіі для спажыўцоў краіны плануюцца ў чацвёртым квартале", - адзначыў міністр.
Паралельна вядзецца работа па павелічэнні электраспажывання. Рэалізуецца міжгаліновы комплекс мер, дзякуючы чаму спажыванне электраэнергіі ў рэальным сектары эканомікі да 2026 года павялічыцца на 2,7 млрд кВт.гадз. Цяпер Міністэрства энергетыкі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапрацоўваюць сістэму стымулюючых тарыфаў ад аб'ёмаў спажывання: чым вышэйшыя аб'ёмы спажывання, тым меншыя тарыфы. "Такую работу мы плануем завяршыць да канца года", - дадаў Віктар Каранкевіч.