9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках анлайн-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў бізнесу Томскай вобласці Расіі шэраг прадпрыемстваў рэгіёна, якія займаюцца выпускам водаачышчальнага, вентыляцыйнага і асвятляльнага абсталявання, выказалі зацікаўленасць у выкарыстанні пляцоўкі прамысловых і спажывецкіх тавараў Беларускай універсальнай таварнай біржы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў БУТБ.
Згодна з папярэднімі дамоўленасцямі, біржавую гандлёвую платформу плануецца задзейнічаць у якасці дадатковага канала экспартных продажаў, а таксама для закупак матэрыялаў, запчастак і камплектуючых у рамках імпартазамяшчэння. Улічваючы значную ўдзельную вагу прамысловага абсталявання і тэхнікі ў тавараабароце пляцоўкі БУТБ, чакаецца, што прадукцыя томскіх вытворцаў будзе запатрабавана як у беларускіх удзельнікаў таргоў, так і нерэзідэнтаў РБ.
"Выхад на біржу вытворцаў абсталявання з Томскай вобласці, безумоўна, станоўча паўплывае на аб'ёмы біржавога гандлю з гэтым рэгіёнам. Паводле даных за студзень - кастрычнік 2023 года, доля абсталявання, механічных устройстваў і іх частак складае каля 30 працэнтаў тавараабароту пляцоўкі прамысловых і спажывецкіх тавараў, што сведчыць аб высокім узроўні попыту на такую прадукцыю. Калі гаварыць аб актыўнасці томскіх кампаній на таргах, то цяпер біржавы механізм для работы на беларускім рынку выкарыстоўваюць выключна імпарцёры піламатэрыялаў. З канца ліпеня ў Томскую вобласць ужо рэалізавана звыш 10 тыс. кубаметраў айчыннай пілапрадукцыі. Прадаўцамі выступілі 17 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці", - расказалі ў прэс-службе БУТБ.
Мерапрыемства было арганізавана Гандлёвым прадстаўніцтвам Расіі ў Беларусі і беларускім прадстаўніцтвам АТ "Расійскі экспартны цэнтр".
Па стане на 1 лістапада на БУТБ было акрэдытавана 3525 кампаній з 42 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У 2023 годзе аснову беларуска-расійскага біржавога тавараабароту складае прадукцыя чорнай металургіі, вырабы з драўніны і мясамалочная прадукцыя. Па выніках 10 месяцаў сума здзелак расійскіх кампаній на БУТБ дасягнула $208,4 млн, або 117 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2022 года. Пры гэтым беларускі экспарт у Расію вырас у 2,1 раза, а імпарт з Расіі - на 3 працэнты.