4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць цяплічных комплексаў і сельскагаспадарчай тэхнікі з прымяненнем беларускіх тэхналогій плануюць наладзіць у Егіпце. Размова аб гэтым ішла ў ходзе візіту беларускай дэлегацыі ў Каір, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Егіпце.
Беларуская дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама кампаній ТАА "Гандальтэхмаш", што спецыялізуецца на выпуску цяплічных комплексаў і сельскагаспадарчага абсталявання, і СЗАТ "Сервалюкс", якая займаецца вытворчасцю мяса птушкі, сустрэлася з прадстаўнікамі бізнес-колаў Егіпта.
Пры ўдзеле пасольства арганізаваны перагаворы дэлегацыі са старшынёй Егіпецкай кампаніі па сельскагаспадарчым развіцці Мустафой Хадхудам, кіраўніком Арабскай арганізацыі па індустрыялізацыі, завода Kader Factory for Developed Industries, шэрага прыватных кампаній. Абмеркаваны перспектывы будаўніцтва і лакалізацыі вытворчасці цяплічных комплексаў і сельскагаспадарчай тэхнікі ў Егіпце з прымяненнем беларускіх тэхналогій.
На сустрэчах дэлегацыі з кіраўніцтвам Сельскагаспадарчага банка Егіпта і банка Міср разгледжаны пытанні фінансавання экспартна-імпартных паставак, а таксама сумесных праектаў, накіраваных на развіццё сельскагаспадарчага сектара Егіпта.
Для прадстаўнікоў СЗАТ "Сервалюкс" арганізаваны асобныя перагаворы са старшынёй холдынгавай кампаніі па харчовай прамысловасці Міністэрства забеспячэння і ўнутранага гандлю Егіпта Аляўдзінам Фахмі. Праведзены прэзентацыі СЗАТ "Сервалюкс" на базе Федэрацыі гандлёвых палат Егіпта і Асацыяцыі егіпецкіх бізнесменаў. Адбыліся перагаворы з прадстаўнікамі дзелавых колаў па пастаўках мяса птушкі на егіпецкі рынак.