15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі ў студзені-кастрычніку павялічылася на 2,9 працэнта, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц."Па выніках работы за дзесяць месяцаў у аграпрамысловым комплексе назіраецца дадатная дынаміка развіцця. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях склаў 102,9 працэнта, у сельгасарганізацыях - 103,8 працэнта", - адзначыў міністр.
Леанід Заяц расказаў, што атрымана на 46 тыс. т мяса больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, а таксама на 176 тыс. т больш малака. "Забяспечаны рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы - на 66 тыс., рост пагалоўя свіней - на 83 тыс. На 1,2 млн стала больш птушкі. Акрамя таго, нарыхтавана для грамадскай жывёлагадоўлі больш збожжа, больш травяністых кармоў. Гэта значыць, што створана трывалая база для развіцця галоўнага драйвера эканомікі - галіны жывёлагадоўлі", - растлумачыў ён.
Кіраўнік аграрнага ведамства звярнуў увагу, што ў раслінаводстве таксама назіраюцца поспехі. "Мы атрымалі на 700 тыс. т збожжа больш да ўзроўню мінулага года, а калі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак - то дзесьці на 1 млн т збожжа больш. Забяспечылі рост ураджайнасці - дасягнулі 35,6 ц/га. Гэта дало магчымасць нам нарыхтаваць на харчовыя мэты ў дастатку збожжа, забяспечыць насенны матэрыял, забяспечыць племянную жывёлагадоўлю ў неабходнай колькасці фуражным збожжам", - растлумачыў ён.
Міністр паведаміў, што ёсць рост і ў вытворчасці рапсу - яго атрымана ў 2,2 раза больш, чым у мінулым годзе. Гэтага ўдалося дасягнуць за кошт ураджайнасці, якая склала 21,9 ц/га - на 6,5 ц вышэй за ўзровень 2016 года. "Ёсць рост і ў тэхнічных культурах, у прыватнасці, у вытворчасці цукровых буракоў - было накапана каля 4,9 млн т з ураджайнасцю 501 ц/га (на 56 ц вышэй за ўзровень мінулага года). Добры рост ураджайнасці бульбы", - сказаў Леанід Заяц. Ён удакладніў, што ў гэтым годзе пасадкі бульбы былі скарочаны, але за кошт росту ўраджайнасці забяспечаны валавы збор на ўзроўні 2016 года.
Таксама Леанід Заяц расказаў, што ў Беларусі сабрана 645 тыс. т агародніны. "Гэта дало магчымасць нам забяспечыць закладку ў стабілізацыйныя фонды бульбы і агародніны, а таксама стварыць запас для рэалізацыі на экспарт. У мінулым годзе мы прадалі каля 300 тыс. т бульбы і атрымалі добрыя грошы. У гэтым годзе цана на бульбу вырасла, а ў нас у запасе таксама ёсць не менш як 300 тыс. т для рэалізацыі на экспарт", - рэзюмаваў ён.