19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць кітайскай вакцыны супраць каранавіруса могуць лакалізаваць у Беларусі, паведаміў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас урачыстай сустрэчы самалёта з Пекіна з гуманітарным грузам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Самалёт з Пекіна са 100 тыс. доз вакцыны ад каранавіруса прызямліўся сёння ў Мінску. Паводле слоў міністра, "гэта вельмі важны для нас момант і толькі першы этап ва ўзаемадзеянні з кітайскімі калегамі па пастаўцы вакцын і магчымай лакалізацыі".
Дзмітрый Піневіч заўважыў, што "вакцына вельмі добрая, яна інактывавана". Па механізме дзеяння яна адрозніваецца ад расійскай, якая цяпер закупляецца і плануецца да вытворчасці ў Беларусі. "Наша стратэгія - мець пул вакцынавых прэпаратаў, якія дадуць магчымасць у поўнай меры адказаць на эпідэмічныя выклікі, якія ёсць у рэспубліцы", - дадаў ён.
Кітайскі бок прадаставіў вакцыну бязвыплатна ў мэтах прадаўжэння дамоўленасцей Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, дасягнутых падчас тэлефоннай размовы 26 студзеня 2021 года. Міністр таксама адзначыў важную ролю ўрадаў і пасольстваў дзвюх краін.
"Беларусь першай з краін паставіла гуманітарны груз, калі пандэмія закранула Кітай. Калі эпідэмічная сітуацыя пачала развівацца ў Беларусі, мы адчулі значную падтрымку нашых кітайскіх сяброў. З 20 найбуйнейшых гарадоў, правінцый, аўтаномных акруг да нас у краіну паступала дапамога ў выглядзе вырабаў медыцынскага прызначэння, ахоўных касцюмаў, тэст-сістэм", - адзначыў Дзмітрый Піневіч. Такое супрацоўніцтва ён назваў "адной з яркіх старонак, якія пацвярджаюць стратэгічныя ўзаемаадносіны паміж дзвюма нашымі дзяржавамі".
Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн заўважыў: гуманітарная дапамога прадастаўляецца ў знак сяброўскіх пачуццяў да беларускага ўрада і народа. "Спадзяёмся, што кітайская вакцына, эфектыўнасць і бяспека якой пацверджаны многімі краінамі свету, можа адыграць актыўную ролю ў барацьбе беларускіх людзей з эпідэміяй", - сказаў ён.
Сумеснае процістаянне пандэміі стала яркім момантам супрацоўніцтва Кітая і Беларусі, дадаў пасол.
Цяперашняя дапамога Кітая беларускаму боку - крок па рэалізацыі важнай заявы старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Се Сяаюн нагадаў: Кітай вырашыў прадаставіць міжнароднаму механізму COVAX пад эгідай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) 10 млн доз вакцын ад каранавіруса.
Цяпер Кітай экспартуе вакцыну ад COVID-19 у 22 краіны і яшчэ больш за 40 краін знаходзяцца ў чарзе, каб яе купіць.
Вакцына вытворчасці "Сінафарм" з'яўляецца першай адобранай у Кітаі для выхаду на рынак Дзяржаўным фармацэўтычным упраўленнем КНР і ўжо актыўна прымяняецца ўнутры краіны. Паводле ацэнак кітайскага боку, вакцына ад каранавіруса COVID-19, распрацаваная кампаніяй "Сінафарм", пры выпрабаваннях паказала 79,34 працэнта эфектыўнасці.