15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выручка рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" у 2020 годзе вырасла ў параўнанні з 2019-м у 3,2 раза, да Br188,9 млн, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на даныя Белстата.
Пры гэтым выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг за межы Беларусі склала Br63,6 млн (рост у 8 разоў), гэта 33,7 працэнта ў агульным аб'ёме выручкі.
Колькасць рэзідэнтаў індустрыяльнага парка на канец справаздачнага перыяду была 68 (вырасла на 8). Сярэдняспісачная колькасць работнікаў - 1115 (617 было год таму).
Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) склаліся на ўзроўні $44,3 млн (зніжэнне на 61,4 працэнта). Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі Br104,1 млн (рост на 15,4 працэнта).
Аб'ём вытворчасці прампрадукцыі, работ, паслуг у фактычных цэнах вырас у 4,4 раза, да Br138,8 млн.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - асаблівая эканамічная зона са спецыяльным прававым рэжымам, размешчаная за 25 км ад Мінска. У "Вялікім камені" зарэгістраваны рэзідэнты з 14 краін. Прыярытэтныя для парка напрамкі - машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, новыя матэрыялы, лагістыка, электронная камерцыя, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных.