Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

2 Чэр 2020

Выручка БНБК у бліжэйшыя гады павінна скласці $1 млрд - Бельскі

Выручка БНБК у бліжэйшыя гады павінна скласці $1 млрд - Бельскі
Валерый Бельскі

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выручка Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), якая будуе пад Мінскам высокатэхналагічную аграпрамысловую вытворчасць поўнага цыкла, у бліжэйшыя гады павінна скласці $1 млрд. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Бельскі пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы аб рэалізацыі гэтага праекта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У бліжэйшы час будзе запушчаны першы этап вытворчасці камбікармоў, у наступным годзе з апярэджаннем прыкладна на восем месяцаў - другі этап вытворчасці непасрэдна амінакіслот. Далей карпарацыя пачынае рэалізацыю трэцяй чаргі праекта, новы этап будаўніцтва. Для гэтага выдзяляецца зямельны ўчастак у Пухавіцкім раёне. Арыенціровачныя паказчыкі, якія дасць гэты праект, - амаль $1 млрд выручкі на працягу бліжэйшых гадоў", - расказаў Валерый Бельскі.

Прадпрыемства будуецца на тэрыторыі 160 га. На поўныя магутнасці яно выйдзе ў 2021 годзе з уводам другой чаргі. Усяго на праект было выдзелена $630 млн, з будаўніцтвам спадарожнай інфраструктуры гэта лічба павялічылася да $700 млн. Не менш як 40 працэнтаў вырабленых амінакіслот будзе экспартавацца, астатняя частка замесціць імпарт.

На гэтай жа тэрыторыі ў будучым плануецца запусціць трэцюю чаргу праекта. Яна прадугледжвае будаўніцтва яшчэ адной вытворчасці амінакіслот. На яе дадаткова спатрэбіцца $500 млн. "Але ён будзе рэалізаваны ў значнай меры за кошт камерцыйных пазык. Першая прапанова па далейшым супрацоўніцтве будзе зроблена Кітайскай Народнай Рэспубліцы, - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі. - Канцэпцыя трэцяй чаргі распрацавана, але бізнес-план яшчэ ў адпрацоўцы. Ужо ёсць прынцыповае адабрэнне Прэзідэнта. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы, у бліжэйшы час яму павінны ўнесці на разгляд усе дакументы, якія датычацца як гаспадарчых планаў, так і мер дзяржаўнага ўдзелу ў гэтым праекце".

Будаўніцтва аграпрамысловай вытворчасці нясе на сабе і сацыяльную функцыю - ужо сёння амаль 300 чалавек атрымалі прапановы аб працаўладкаванні. Усяго тут плануецца стварыць звыш тысячы высокатэхналагічных працоўных месцаў. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве павінна скласці Br1,5 тыс., узводзіцца жыллё для работнікаў.

Арганізацыяй высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла займаецца Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК). Будаўніцтва па праекце пачалося летам 2018 года ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. У якасці генпадрадчыка і акцыянера выступае кітайская карпарацыя CITIC Group. Плануецца пабудаваць комплекс з 14 заводаў з паэтапным увядзеннем у строй. Тут будзе арганізавана глыбокая перапрацоўка збожжа па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот (лізін, трыптафан, трэанін) для вытворчасці высокапрадукцыйных, высокатэхналагічных, збалансаваных кармоў і кармавых дабавак. Прадукцыю плануецца выкарыстоўваць як для ўласнай вытворчасці, так і пастаўляць на рынкі Расіі, Украіны, краін ЕС, Кітая.

Як паведамлялася ў студзені, Міністэрства фінансаў у 2020 годзе ўнясе ў выглядзе грашовага ўкладу Рэспублікі Беларусь у статутны фонд БНБК звыш Br17,8 млн за кошт сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду для набыцця 2,5 млн акцый гэтага таварыства ў перыяд правядзення закрытай падпіскі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі