16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
ВУП Беларусі ў студзені вырас на 4,6 працэнта, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў перад пашыраным пасяджэннем калегіі міністэрства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле інфармацыі Белстата, аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў Br9,1 млрд, або ў супастаўных цэнах 104,6 працэнта да ўзроўню студзеня 2017 года.
"Эканоміка ў студзені прырасла на 4,6 працэнта - гэта, вядома, уплыў патэнцыялу і тэндэнцый, якія былі закладзены ў мінулым годзе. Гэта рост заработнай платы, які паўплываў на спажывецкі попыт, паляпшэнне фінансавага стану арганізацый, зніжэнне ставак па крэдытах, што ў сукупнасці паўплывала на рост інвестыцый і будаўнічую сферу. Беларусь стала больш рэзультатыўна працаваць і на знешніх рынках", - адзначыў Аляксандр Чарвякоў.
Апытанні кіраўнікоў прадпрыемстваў паказваюць, што ў вытворчасцей ужо ёсць нядрэнныя партфелі заказаў на бліжэйшую перспектыву. Да таго ж у снежні 2017 года беларускія прадпрыемствы актыўна закуплялі так званы прамежкавы імпарт - сыравіну і матэрыялы, якія будуць выкарыстаны для вытворчасці прадукцыі. "У студзені мы назіраем зніжэнне складскіх запасаў. Гэта значыць тое, што выраблена, прадаецца", - звярнуў увагу намеснік міністра.
Падводзячы вынікі работы Мінэканомікі ў 2017 годзе, Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што ўсе задачы, пастаўленыя перад калектывам міністэрства, выкананы. Сярод значных вынікаў - работа над пакетам дакументаў па развіцці прадпрымальніцтва. "2017-ы быў пераломным у змяненні тэндэнцый у эканамічнай сферы. Гэта не толькі рост ВУП на 2,4 працэнта, але і змяненне тэндэнцый у даходах насельніцтва, заработнай плаце, інвестыцыях, дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, зніжэнне інфляцыі. Вельмі важна, каб гэтыя тэндэнцыі былі захаваны і ў 2018 годзе", - рэзюмаваў намеснік міністра.