12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цеснае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў касмічнай галіне дае магчымасць паспяхова рэалізоўваць навукова-тэхнічныя праграмы Саюзнай дзяржавы. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў загадчык аддзела сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Караняка.
Паводле слоў вучонага, вынікі гэтых праграм накіраваны на пашырэнне агульнай навукова-тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы дзвюх краін, інтэграцыю інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў, у тым ліку наземных і арбітальных касмічных сродкаў. "Цеснае ўзаемадзеянне Расіі і Беларусі ў касмічнай галіне дало магчымасць паспяхова выканаць 8 навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы. Кожная з іх мела сваю мэту, але ўсе былі накіраваны на тое, каб інтэграваць наземны, касмічны складнік інфраструктуры дзвюх краін для вырашэння асноўнага пытання - павышэння якасці і аператыўнасці атрымання інфармацыі з космасу", - адзначыў ён.
Сяргей Караняка нагадаў, што першая праграма "Космас-БР" была рэалізавана ў 1999-2002 гады. Яна дала магчымасць вырашыць галоўную задачу - аднавіць страчаныя сувязі і ўзнавіць кааперацыю расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў, ВНУ і арганізацый, якія працуюць у касмічнай сферы. "Другая праграма -"Космас-СД" - рэалізоўвалася ў 2004-2007 гады і была накіравана на распрацоўку тэхналогій дэшыфравання касмічных здымкаў, стварэнне інтэграваных геаінфармацыйных сістэм уліку і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, ключавых элементаў бартавых і службовых сістэм мікраспадарожнікаў новага пакалення. У выніку створаны ўдасканалены высокаінфарматыўны цэнтр прыёму касмічнай інфармацыі і тэхналогій яе апрацоўкі. Таксама была закладзена аснова Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі", - дадаў вучоны.
У 2008-2011 гады рэалізавана трэцяя саюзная касмічная праграма - "Космас-НТ", якая дала магчымасць стварыць апаратна-праграмныя комплексы тэматычнай апрацоўкі касмічнай інфармацыі і забяспечыла развіццё беларускага цэнтра прыёму інфармацыі з космасу. "Праграма Саюзнай дзяржавы "Маніторынг-СД" была накіравана на распрацоўку новых касмічных і наземных сродкаў забеспячэння спажыўцоў Расіі і Беларусі інфармацыяй дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. У рамках гэтай праграмы ў 2013-2017 гады распрацаваны тэхналогіі прымянення даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, забяспечана стварэнне перспектыўнай малагабарытнай бартавой спецыяльнай і навуковай апаратуры, матэрыялаў і элементнай базы з палепшанымі характарыстыкамі, новых сродкаў і тэхналогій апрацоўкі касмічнай інфармацыі, атрымліваемай ад перспектыўнай апаратуры назірання Зямлі з космасу", - расказаў Сяргей Караняка.
Асобна вучоны вылучыў праграму "Тэхналогія-СД", накіраваную на выкарыстанне, дапаўненне і развіццё ў ракетна-касмічнай сферы дасягненняў у галіне нанаматэрыялаў, нанапакрыццяў і нанаэлектронікі. Разам з тым адным з найбольш важных для Беларусі праектаў за ўсю гісторыю супрацоўніцтва з Расіяй у космасе стала стварэнне сумеснай групы спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. З'яўленне ўласнага беларускага касмічнага апарата ў 2012 годзе фактычна азнаменавала новую эру развіцця рэспублікі, дазволіўшы Мінску не толькі пачаць уласную работу па зандзіраванні Зямлі з космасу, але і заявіць аб сабе як аб члене клуба касмічных дзяржаў.
Цяпер Беларусь і Расія прапрацоўваюць 3 сумесныя праграмы касмічных даследаванняў, разлічаныя да 2027 года. У бягучым годзе стартуе праграма "Комплекс-СД". "Праграма прадугледжвае стварэнне шэрага спадарожнікаў, прычым беларуска-расійскі стане больш дасканалым. Яна таксама прадугледжвае і стварэнне двух нанаспадарожнікаў - беларускага і расійскага", - рэзюмаваў Сяргей Караняка.