28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Венесуэла мае намер сумеснымі намаганнямі аднавіць дынаміку адносін з Беларуссю. Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-прэзідэнт гэтай краіны па пытаннях планавання, міністр планавання Рыкарда Менендэс пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паміж Беларуссю і Венесуэлай наладжана шырокае ўзаемадзеянне, якое прадаўжаецца з часоў Уга Чавеса, канстатаваў віцэ-прэзідэнт. "Сапраўды, паміж нашымі краінамі ўстаноўлены трывалыя кааперацыйныя сувязі. Але ў нейкі момант санкцыі і націск заходніх краін парушылі нармальны ход гэтых узаемаадносін. Таму асноўная мэта на сённяшні дзень - аднавіць дынаміку, пераадолець перашкоды, якія існуюць на гэтым шляху, - падкрэсліў ён. - Пэўныя дасягненні ўжо ёсць. Цяпер мы вядзём размову аб тым, каб вывесці нашы адносіны на новы ўзровень, умацаваўшыся ў барацьбе з санкцыямі, сумеснымі намаганнямі рухацца наперад і планаваць новы этап нашай сумеснай дзейнасці на бліжэйшыя 10 гадоў".
Паводле слоў Рыкарда Менендэса, цяпер бакі сфакусіравалі ўвагу на тэмах узаемнага інтарэсу: "У першую чаргу размова ідзе аб перазапуску сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў. Ёсць інтарэс да супрацоўніцтва ў нафтахімічнай галіне. Вельмі важная тэма наладжвання лагістычных сувязей. Над усім гэтым мы цяпер і працуем".
Як вядома, на тэрыторыі Венесуэлы створана сумесная з Беларуссю вытворчасць трактароў і грузавых аўтамабіляў магутнасцю 10 тыс. і 5 тыс. адзінак у год адпаведна - дарэчы, самая буйная ў гэтым рэгіёне. "Мы вядзём размову не толькі аб вытворчасці гэтай тэхнікі, але і аб яе рэалізацыі як на нацыянальнай тэрыторыі, так і на рынку сумежных краін", - адзначыў віцэ-прэзідэнт Венесуэлы. Паводле яго слоў, гэта тэма будзе абмяркоўвацца ў час запланаванага ў гэтыя дні ў Мінску пасяджэння сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Плануецца, у прыватнасці, распрацаваць вытворчы план на 2024 год з абазначэннем аб'ёмаў вырабу прадукцыі і яе рэалізацыі.