Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Ліс 2015

Віртуальны банк можа з'явіцца ў Беларусі ў 2017 годзе

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы віртуальны банк можа з'явіцца ў Беларусі ў 2017-2018 годзе. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара ІТ-кампаніі "СофтКлуб" Дзмітрый Філімонаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе перадумовы для стварэння віртуальнага банка ў Беларусі ўжо ёсць", - упэўнены Дзмітрый Філімонаў. Гэта і развіццё напрамку лічбавага банкінгу ў Нацыянальным банку, і распрацоўка стратэгіі на 2016-2020 гады, і падрыхтаваны праект указа аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях. "Лагічным працягам развіцця лічбавага банкінгу з'яўляецца поўная віртуалізацыя ўсіх банкаўскіх сэрвісаў, гэта значыць стварэнне так званага віртуальнага банка, - адзначыў эксперт. - Я думаю, гэта перспектыва 2017-2018 года". У свеце такія банкі ўжо ёсць, у тым ліку ў краінах СНД, напрыклад, у Расіі, дадаў ён.

Гаворачы аб тым, як будзе выглядаць гэты банк, эксперт выказаў меркаванне, што ў ім у афлайне будуць працаваць толькі старшыня праўлення, галоўны бухгалтар і айцішнік, а астатнія працэсы будуць аўтаматызаваны і пойдуць у анлайн. "Віртуальны банк - гэта абслугоўванне кліентаў анлайн, адсутнасць офісаў або іх мінімальная колькасць, прадастаўленне ўсяго спектра паслуг у рашэнні мабільнага або інтэрнэт-банка", - растлумачыў ён. Такім чынам, кліент зможа атрымаць анлайн практычна любую кансультацыю, набыць любы прадукт - дэпазіт, крэдыт, картку, і тут жа пачаць ім карыстацца. Напрыклад, атрымліваць працэнты па дэпазіце, карыстацца грашовай сумай, калі гэта крэдыт. Гэта павысіць узровень абслугоўвання кліента і закрые тую кліенцкую патрэбнасць, якая сёння ўжо ёсць, падкрэсліў эксперт.

Многія беларускія банкі ўжо цяпер аб'яўляюць аб імкненні стаць выключна віртуальнымі. Адзін з асноўных фактараў, які тармозіць працэс - негатоўнасць да гэтага большасці цяперашніх кліентаў, канстатаваў эксперт. "Аднак моладзь пакаленняў Y і Z, якая падрастае, ужо гатова абслугоўвацца ў поўнасцю віртуальных банках, - падкрэсліў прадстаўнік ІТ-кампаніі. - І мы таксама гатовы - як распрацоўшчыкі. Адпаведнае праграмнае забеспячэнне ў нас ужо ёсць".

Пры гэтым рашаючае значэнне для паспяховай віртуалізацыі банкаўскіх працэсаў мае тэхналагічная гатоўнасць банкаў апрацоўваць інфармацыю, якая паступае анлайн-шляхам, 24 гадзіны ў суткі 365 дзён у годзе, звярнуў увагу Дзмітрый Філімонаў. "Мы перайшлі той рубеж, калі кліенты хацелі і маглі чакаць, - падкрэсліў ён. - Магчымасць правесці ўсе патрэбныя банкаўскія аперацыі анлайн у любы час сутак асабіста для мяне - паказчык, што банк актыўны, інавацыйны, рэальна працуе".

Больш таго, цяпер эксперты ажыўлена абмяркоўваюць такі перспектыўны трэнд у плане захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, як воблачныя тэхналогіі, звярнуў увагу эксперт. Выкарыстанне гэтых тэхналогій дасць магчымасць банкам павялічыць скорасць і якасць абслугоўвання кліентаў, прадаставіць новыя інавацыйныя праекты. "Думаю, пэўныя банкаўскія праекты ў сферы воблачных тэхналогій могуць быць запушчаны ў Беларусі ў 2016 годзе", - адзначыў ён.

Яшчэ адзін сусветны трэнд - омніканальнасць, калі ўсе дзеянні кліента ў розных дыстанцыйных каналах (сацсетках, інфакіёску, інтэрнэт-банкінгу) улічваюцца, аналізуюцца і яму аператыўна прапануецца персаналізаваны прадукт. "Некаторыя беларускія банкі ўжо выкарыстоўваюць элементы омніканальнасці, і, улічваючы, што гэта перспектыўны сусветны трэнд, думаю, 2017-2018 гады могуць стаць рухавіком у гэтым напрамку", - канстатаваў эксперт.

Такім чынам, сусветная і айчынная банкаўская сфера актыўна трансфармуецца ў бок лічбавага банкінгу, падкрэсліў Дзмітрый Філімонаў. "Беларускія ІТ-кампаніі, у сваю чаргу, гатовы забяспечваць банкі якаснымі і бяспечнымі праграмнымі рашэннямі, якія адпавядаюць сусветным трэндам", - адзначыў прадстаўнік "СофтКлуба".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі