16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія зацікаўлены ў сумесным выпуску аўтакамплектуючых. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў міністр прамысловасці Віталь Воўк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр падкрэсліў, што пытанне стварэння сумесных вытворчасцей аўтакамплектуючых сёння стаіць востра. "Гэта будзе цікава і для нас, і для Расійскай Федэрацыі", - сказаў Віталь Воўк.
На думку міністра, беларускія і расійскія прамыслоўцы павінны больш актыўна кааперавацца, у тым ліку ў частцы прасоўвання прадукцыі на рынкі трэціх краін. "Мы сумесна павінны запоўніць напрамкі, якія не заняты", - лічыць Віталь Воўк. Ён асабліва вылучыў станкабудаванне сярод такіх напрамкаў для сумеснага развіцця.
Пытанні прамысловай кааперацыі, інтэграцыі і сумеснага экспарту ў трэція краіны будуць разглядацца на Другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Сочы 17-18 верасня. Асноўнай тэмай стане прамысловая палітыка. На форуме плануецца абмеркаваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў гэтай галіне, фарміраванне прампалітыкі з навукова-тэхналагічнага і інавацыйнага пунктаў гледжання. Будуць закранацца таксама пытанні аб'яднання фінансавага і маркетынгавага патэнцыялаў, дыверсіфікацыі нацыянальных эканомік, развіцця чалавечага капіталу дзвюх краін.