16 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прадстаўнічая бізнес-дэлегацыя Фінляндыі на чале з намеснікам дзяржаўнага сакратара Міністэрства замежных спраў Маці Антаненам 22-24 красавіка наведае Беларусь. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі амаль 20 фінляндскіх кампаній, яны правядуць сустрэчы ў беларускіх міністэрствах і арганізацыях. Асноўнымі сферамі патэнцыяльнага супрацоўніцтва, якія цікавяць прадстаўнікоў фінляндскага бізнесу, з'яўляюцца энергетыка, транспарт і лагістыка, сельская і лясная гаспадарка, дрэваапрацоўка.
Як паведаміў Дзмітрый Мірончык, 23 красавіка ў Мінску адбудуцца беларуска-фінляндскі бізнес-форум і кантактна-кааперацыйная біржа, падрыхтаваныя Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і фінляндскай арганізацыяй садзейнічання экспарту Finpro.