9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зацікаўленасць у арганізацыі паставак прадукцыі сельскай гаспадаркі на рынак Беларусі праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі Франклін Рамірэс Араке ў час наведвання цэнтральнага офіса БУТБ у складзе дэлегацыі кіраўнікоў і супрацоўнікаў замежных дыппрадстаўніцтваў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе біржы.
"У Венесуэле вырошчваецца шырокі асартымент трапічных фруктаў, якія ў значных аб'ёмах экспартуюцца ў многія краіны свету. А зусім нядаўна да нас звярнулася буйная кампанія - пастаўшчык гэтай прадукцыі з просьбай дапамагчы ёй выйсці на беларускі рынак. Улічваючы, што на біржавой пляцоўцы ўжо працуюць каля 23 тыс. беларускіх прадпрыемстваў, лічу, што тут мы зможам у кароткія тэрміны знайсці патэнцыяльных пакупнікоў і наладзіць рэгулярныя пастаўкі. Зразумела, гэта толькі першы крок, у перспектыве прапаную прапрацаваць магчымасць біржавога гандлю іншай прадукцыяй АПК паміж Венесуэлай і Беларуссю. У сувязі з гэтым разлічваю на падтрымку і садзейнічанне з боку біржы", - заявіў пасол.
Старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі падтрымаў прапанову венесуэльскага дыпламата, адзначыўшы наяўнасць у біржы паспяховага вопыту рэалізацыі плодаагародніннай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў цэлым.
"З канца мінулага года мы праводзім рэгулярныя гандлёвыя сесіі па рэалізацыі агародніны і садавіны беларускай вытворчасці. Для фермерскіх гаспадарак і СГП гэта дадатковы канал продажаў і прамы доступ да буйнейшых рознічных гандлёвых сетак. Упэўнены, што і венесульскія вытворцы змогуць скарыстацца нашай пляцоўкай для пашырэння рынкаў збыту і мінімізацыі затрат на маркетынг. Паколькі, акрамя беларускіх прадпрыемстваў, у нас акрэдытаваны амаль 6 тыс. замежных удзельнікаў. Таму пул плацежаздольных пакупнікоў мы забяспечым у любым выпадку", - падкрэсліў Аляксандр Асмалоўскі.
У рамках сустрэчы з замежнымі дыпламатамі таксама абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва па такім актуальным напрамку, як імпартазамяшчэнне. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб сумеснай рабоце па інфармаванні дзелавых колаў і прыцягненні на пляцоўку імпартазамяшчэння БУТБ кампаній з Расіі, Кыргызстана, В'етнама, Палесціны і Венесуэлы.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.