10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя плануюць у 2015 годзе распрацаваць вакуумнае абсталяванне для кітайскай авіяцыі. Аб гэтым паведаміў сёння ў час выязной прэс-канферэнцыі "Інавацыйныя тэхналогіі: беспілотныя авіяцыйныя комплексы" начальнік навукова-даследчага цэнтра Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Анатоль Гардзіенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нядаўна мы атрымалі заказ галоўнага ўпраўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі нацыянальнай вызваленчай арміі Кітая на стварэнне вакуумнага высокаэнергетычнага абсталявання і тэхналогіі пакрыцця для буйнагабарытных турбінных лапатак", - растлумачыў Анатоль Гардзіенка.
Паводле яго слоў, беларуская распрацоўка будзе выкарыстоўвацца пры вытворчасці вялікіх самалётаў. "Ёсць сур'ёзная праблема - павышэнне гарачатрываласці і гарачаўстойлівасці турбін лапатак. Для гэтага неабходна наносіць гарачаўстойлівыя пакрыцці на гарачатрывалыя сплавы. І тут неабходны вакуумныя тэхналогіі. Мы ўмеем працаваць з такімі тэхналогіямі і гатовы пачаць работу над праектам адразу, як толькі будзе заключаны кантракт", - падкрэсліў Анатоль Гардзіенка.