27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узбекістан зацікаўлены ў набыцці гатовых камплектаў драўляных дамоў з Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў беларускім пасольстве ва Узбекістане.
Пасол Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч 25 лістапада па запрашэнні намесніка прэм'ер-міністра Узбекістана, старшыні Дзяржаўнага камітэта па развіцці турызму Азіза Абдухакімава наведаў аб'екты турыстычнай інфраструктуры Ташкенцкай вобласці. Паслу былі прадстаўлены ўведзеныя ў эксплуатацыю аб'екты, прызначаныя для актыўнага адпачынку ў летні і зімовы перыяды, а таксама пляцоўкі для будаўніцтва спартыўных і турыстычных збудаванняў.
Адбыліся сустрэчы беларускага дыпламата і намесніка кіраўніка ўзбекскага ўрада з прадстаўнікамі будаўнічага бізнесу і менеджарамі эксплуатуемых аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры. "Узбекскі бок выказаў зацікаўленасць у набыцці гатовых камплектаў драўляных дамоў з Беларусі для размяшчэння ў рэкрэацыйных зонах Узбекістана і будматэрыялаў беларускай вытворчасці", - адзначылі ў пасольстве.
У беларускім дыппрадстаўніцтве таксама паведамілі, што з улікам пашырэння авіязносін паміж Беларуссю і Узбекістанам бакі таксама абмеркавалі магчымасці актывізацыі турыстычных абменаў, у тым ліку наведвання турыстамі з Беларусі гарналыжных курортаў Узбекістана, а жыхарамі Узбекістана - беларускіх санаторыяў.
Цяпер паміж сталіцамі Беларусі і Узбекістана па два рэйсы ў тыдзень выконваюць нацыянальныя авіякампаніі "Белавія" і "Узавія", таксама ёсць чартарныя рэйсы з Мінска ў шэраг рэгіёнаў Узбекістана.