13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыпламаты пасольства Беларусі ў В'етнаме і генеральнага консульства Беларусі ў Хашыміне 12 кастрычніка прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднай выстаўкі-форуму VietStock Expo & Forum 2022. Экспазіцыя праходзіць з 12 па 14 кастрычніка ў Хашыміне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускай загранустанове.
На палях мерапрыемства адбыліся кантакты з прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх раёнаў В'етнама, а таксама спецыялізаваных в'етнамскіх кампаній. Разгледжаны пытанні пашырэння беларуска-в'етнамскага ўзаемадзеяння ў сферы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі, намечаны двухбаковыя мерапрыемствы на бліжэйшую перспектыву.
Міжнародная выстаўка-форум Vietnam's Premier International Feed, Livestock & Meat Industry (VietStock Expo & Forum) з'яўляецца буйнейшым у В'етнаме спецыялізаваным мерапрыемствам у сферах сельскай гаспадаркі і мясной прамысловасці. Яна праходзіць пад эгідай Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця сельскіх раёнаў В'етнама.
У рамках праграмы мерапрыемства таксама арганізуюцца спецыялізаваныя выстаўкі VIETFEED (кармы для жывёл) і VIETMEAT (мясаперапрацоўка), бізнес-форум з удзелам пастаўшчыкоў у індустрыі жывёлагадоўлі і аквакультуры, профільныя семінары.
У 2022 годзе ў мерапрыемстве прымаюць удзел каля 170 экспанентаў з больш як 20 краін і тэрыторый свету.