24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў комплекс мер па павелічэнні выкарыстання драўняных паліўных гранул (пелет). Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 23 кастрычніка 2023 года нумар 716, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, адказнымі за каардынацыю работы па выкананні комплексу мер у рамках сваіх кампетэнцый з'яўляюцца Міністэрства лясной гаспадаркі, Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
Фінансаванне мерапрыемстваў комплексу мер будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, якія прадугледжваюцца ў рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм, уласных сродкаў арганізацый - выканаўцаў комплексу мер, а таксама іншых крыніц.
У пастанове прапісана, што рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму, трэба штогод да 15 лютага года, што ідзе за справаздачным, прадстаўляць у Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі інфармацыю аб ходзе выканання комплексу мер.
Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі штогод да 1 сакавіка года, што ідзе за справаздачным, інфармаваць Савет Міністраў аб ходзе выканання комплексу мер.
Кантроль за выкананнем комплексу мер ускладзены на Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі.