18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад чакае ад Міністэрства эканомікі прапаноў па павышэнні эфектыўнасці імпартазамяшчэння. Аб гэтым ішла сёння размова на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна аб выкананні прынятых рашэнняў па імпартазамяшчэнні і неабходных мерах па ўзмацненні яго эфектыўнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Імпартазамяшчэнне - адзін з прыярытэтаў развіцця краіны на бліжэйшую перспектыву. Галоўнае пытанне - наколькі вынікі рацыянальнага і эфектыўнага імпартазамяшчэння сапраўды паўплывалі на плацежны баланс краіны, наколькі яны далі чысты эфект", - адзначыў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў, удакладніўшы, што эфектыўнасць вызначаецца з улікам кошту імпарту, які завозяць у Беларусь для вытворчасці імпартазамяшчальных матэрыялаў.
Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што кіраўніком дзяржавы ў маі пастаўлена задача ў 2020 годзе выпрацаваць і рэалізаваць дадатковыя меры па вытворчасці найбольш запатрабаваных на ўнутраным рынку тавараў, якія можна экспартаваць.
Ён выдзеліў чатыры праблемы, якія перашкаджаюць эфектыўнаму імпартазамяшчэнню. Гэта ўстарэлыя тэхналогіі, недастаткова глыбока прапрацаваныя прапановы па эфектыўным тэхпераўзбраенні вытворчасці, недастатковая матывацыя кіраўнікоў прадпрыемстваў і персаналу, акрамя таго, не задзейнічаны патэнцыял прадпрымальніцкага прыватнага бізнесу ў кааперацыйных ланцужках.
Мікалай Снапкоў папрасіў Мінэканомікі даць аб'ектыўную ацэнку рабоце па імпартазамяшчэнні і прапанаваць дзейсныя меры для павышэння яе эфектыўнасці.