16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі зацвердзіў прагноз росту экспарту тавараў у 2018 годзе па краінах. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 15 лютага 2018 года нумар 131, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Кіраўнікам загранустаноў Беларусі, службовым асобам, замацаваным за краінамі, даручана забяспечыць штомесяц павелічэнне аб'ёмаў экспарту тавараў (без уліку аб'ёмаў нафты, нафтапрадуктаў, газаў нафтавых і вуглевадародаў газападобных іншых, калійных і азотных угнаенняў) у працэнтах да аналагічнага перыяду 2017 года.
Згодна з дакументам, найбольшых паказчыкаў - тэмп росту не ніжэйшы за
145 працэнтаў - запланавана дабіцца па экспарце ў ПАР і Нігерыю. Экспарт у Кітай плануецца нарасціць на 44 працэнты, у В'етнам, Аргенціну і Бразілію - на 30 працэнтаў.Што датычыцца тэмпу росту экспарту ў краіны СНД, то ва Украіну ён павінен скласці не менш як 125 працэнтаў, у Азербайджан - 109 працэнтаў, Расію - 107 працэнтаў, Арменію і Казахстан - 106 працэнтаў.
З ліку краін Еўропы экспартныя пастаўкі плануецца больш за ўсё нарасціць у Славакію і Швецыю (на 10 працэнтаў).
Ключавы паказчык эфектыўнасці работы кіраўнікоў загранустаноў Беларусі па экспарце тавараў вызначаны ў мэтах прыняцця дзейсных мер па дыверсіфікацыі экспарту і выхадзе на новыя рынкі.
Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на Міністэрства замежных спраў. Інфармацыя аб ходзе выканання ключавога паказчыка эфектыўнасці работы па экспарце тавараў будзе штоквартальна накіроўвацца ва ўрад Беларусі.