14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыярытэтныя віды дзейнасці (сектары эканомікі) для ажыццяўлення інвестыцый вызначаны ў Беларусі пастановай Савета Міністраў нумар 372 ад 12 мая 2016 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Прыярытэтнымі для ажыццяўлення інвестыцый прызнаны віды дзейнасці і сектары эканомікі, у якіх рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты ў адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (на перыяд іх рэалізацыі, названы ў такім рашэнні), а таксама па дзяржаўных праграмах (на перыяд рэалізацыі гэтых праектаў). Яшчэ адна катэгорыя - віды і сектары, уключаныя ў пералік прыярытэтных для ажыццяўлення інвестыцый.
У пералік уключаны: металургія, машынабудаванне; вытворчасць электратэхнічнай, оптыка-механічнай, прыборабудаўнічай прадукцыі, бытавой тэхнікі і электронікі; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; стварэнне і развіццё лагістычнай сістэмы; чыгуначны і паветраны транспарт. Сюды ж аднесены тэкстыльная і гарбарна-абутковая прамысловасць; збожжаперапрацоўчая прамысловасць; цукровая і кандытарская галіны; кансервавая і алейна-тлушчавая галіны; дзейнасць у сферы аказання паслуг насельніцтву; дзейнасць па перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў; культура. Да прыярытэтных для інвестыцый напрамкаў аднесена таксама будаўніцтва, рэканструкцыя і аснашчэнне пунктаў пропуску праз дзяржграніцу; а таксама будаўніцтва, рэканструкцыя і аснашчэнне аб'ектаў органаў пагранічнай службы Беларусі.
Пастанова ўступае ў сілу з 15 мая 2016 года.