3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Зімбабвэ зацікаўлены ў новых праектах па пастаўцы беларускай спецтэхнікі. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы міністра прамысловасці Беларусі Пятра Пархомчыка з выканаўчым дырэктарам кампаніі Zimbabwe Consolidated Diamond Company Маркам Мабхудху, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Мінпрама.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва. Міністр адзначыў паспяховую рэалізацыю ў 2020 годзе кантрактаў на пастаўку беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ. "Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць і гатоўнасць да рэалізацыі новых праектаў па пастаўцы сельгастэхнікі, тэхнікі і абсталявання для горназдабыўной прамысловасці, прадукцыі для патрэб камунальнай і лясной гаспадаркі Зімбабвэ", - гаворыцца ў паведамленні.
Міністр прамысловасці выказаў надзею, што гэты візіт прадстаўнікоў дзелавых колаў Зімбабвэ пасадзейнічае прадаўжэнню плённага супрацоўніцтва.