8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выстаўцы "Прадэкспа-2023", якая пройдзе ў Мінску з 14 па 17 лістапада, прымуць удзел 126 кампаній з пяці краін. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ксенія Мялешка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Буйнейшая харчовая выстаўка Беларусі "Прадэкспа" пройдзе 29-ы раз у Мінску. Будуць прадстаўлены як прадпрыемствы Беларусі, так і кампаніі з розных краін свету. Усяго ў выстаўцы прымуць удзел 126 кампаній, у мінулым годзе іх было 110. Сваю прадукцыю прэзентуюць прадпрыемствы з В'етнама, Туркменістана, Узбекістана, Расійскай Федэрацыі. У прыватнасці, будзе прадстаўлена экспазіцыя Астраханскай, Белгародскай, Курганскай абласцей, Стаўрапольскага края і шэрага іншых рэгіёнаў Расіі", - расказала Ксенія Мялешка.
На "Прадэкспа-2023" будзе прэзентацыя кулінарнага мастацтва і традыцый розных краін. Напрыклад, пасольствы Узбекістана, Арменіі, Індыі і Пакістана прадставяць сваю прадукцыю для дэгустацыі. Будуць прэзентаваны навінкі прадуктаў харчавання беларускіх перапрацоўчых прадпрыемстваў. На выстаўцы арганізуюць стэнды асобных прадпрыемстваў, а таксама калектыўныя стэнды ад абласцей.
"Для ўдзельнікаў чакаецца даволі актыўная дзелавая праграма. Пройдуць перагаворы з гандлёвымі сеткамі не толькі з Расійскай Федэрацыі, але таксама з рытэйлерамі з краін СНД. На гэты момант плануецца ўдзел больш як 35 гандлёвых сетак. Па выніках чакаем заключэнне кантрактаў. Таксама дзелавая праграма прадугледжвае перагаворы, B2B-сустрэчы, семінары па пытаннях упакоўкі і іншых напрамках", - рэзюмавала начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча.