13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" будуць распрацоўваць беспілотныя аўтамабілі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт парка.
"Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка заключыла пагадненне з ТАА "Міжнародная тэхналагічная кампанія "Інтэлектуальнае абсталяванне" аб стварэнні ў "Вялікім камені" доследнага цэнтра распрацоўкі беспілотных аўтамабіляў. Згодна з падпісаным дакументам, кітайскае прадпрыемства будзе праводзіць даследаванні і распрацоўкі беспілотных аўтамабіляў", - паведамляецца на сайце парка.
Работу над праектам плануецца пачаць у маі.
Кампанія "Інтэлектуальнае абсталяванне" з'яўляецца адным з прадпрыемстваў - рэзідэнтаў "Вялікага каменя". Сфера яе дзейнасці - даследаванні, распрацоўка і выпрабаванні экалагічных беспілотных транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі.
На пачатак студзеня ў "Вялікім камені" былі зарэгістраваны 60 рэзідэнтаў з 15 краін, у тым ліку 33 - з КНР, 15 - з удзелам кампаній з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Расіі, ЗША, Швейцарыі і Эстоніі, 12 - ініцыяваны беларускімі кампаніямі. Чакаецца, што да канца года ў парку будуць зарэгістраваны не менш як 80 рэзідэнтаў з аб'ёмам заяўленых інвестыцый $1,5 млрд.