5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У студзені-жніўні сума здзелак, праведзеных у ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" (БУТБ), павялічылася на чвэрць, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
"У студзені - жніўні бягучага года на гандлёвых пляцоўках ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" заключаны 207 464 біржавыя здзелкі на агульную суму Br1,97 млрд, што на 25 працэнтаў больш за мінулагодні паказчык. Найбольшы аб'ём здзелак у вартасным выражэнні прыпаў на металапрадукцыю - Br732 млн, або плюс 11 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2016 года", - растлумачыў ён.
Пры гэтым, паводле слоў прэс-сакратара, у структуры продажаў дамінавалі чорныя металы і вырабы з іх: сума такіх здзелак у справаздачным перыядзе склала Br545 млн. Акрамя таго, дадатная дынаміка была характэрна і для іншых валаўтваральных таварных пазіцый - каляровых металаў і вырабаў з іх, электратэхнічнай прадукцыі і вугалю. У прыватнасці, каляровых металаў закуплена на Br38 млн, што на 33 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, у той час як рэалізацыя электратэхнічнай прадукцыі, ільвіная доля якой ідзе на будаўніцтва Беларускай АЭС, вырасла на 25 працэнтаў, да Br45 млн. Самыя высокія тэмпы росту па выніках 8 месяцаў 2017 года прадэманстраваў вугаль: сума здзелак з гэтым запатрабаваным у айчынных цэментавытворцаў таварам перавысіла Br62 млн, забяспечыўшы практычна шасціразовае павелічэнне ў параўнанні са студзенем - жніўнем мінулага года.
Секцыя лесапрадукцыі завяршыла справаздачны перыяд з ростам 33 працэнты, дасягнутым за кошт значнага павелічэння паставак круглага лесу на ўнутраны рынак, а таксама піламатэрыялаў і паліўнай шчэпкі на экспарт. "Кругляк карыстаўся павышаным попытам як у беларускіх, так і замежных пакупнікоў. У выніку першыя набылі праз біржу 5,2 млн куб. м стратэгічнай сыравіны на Br273 млн (плюс 39 працэнтаў), а другія - 1,9 млн куб. м на Br141 млн (плюс 14 працэнтаў). Што датычыцца экспарту піламатэрыялаў, то з пачатку года ён перавысіў Br189 млн, гэта на 29 працэнтаў больш за мінулагодні паказчык", - сказаў Раман Яніў. Сярод іншага актыўна ішлі закупкі папяровай прадукцыі на біржавых таргах. Сума здзелак з гэтай групай тавараў перавысіла Br18 млн, павялічыўшыся на 77 працэнтаў адносна студзеня - жніўня 2016 года. Такім чынам, сукупны тавараабарот па секцыі лесапрадукцыі за 8 месяцаў склаў Br684 млн.
Секцыя сельгаспрадукцыі таксама выйшла ў плюс па выніках студзеня-жніўня. У абсалютных велічынях вартасны аб'ём здзелак з таварамі аграпрамысловага комплексу дасягнуў Br391 млн, забяспечыўшы 31 працэнт прыросту ў параўнанні з мінулым годам. Як і раней, лакаматывамі продажаў на ўнутраным рынку сталі шроты алейных культур з сумай здзелак Br152 млн (плюс 57 працэнтаў да мінулага года) і кармавыя дабаўкі - Br88 млн (плюс 37 працэнтаў). "Запатрабаванымі ў айчынных спажыўцоў таксама алеі і насенне алейных культур, што дало магчымасць павялічыць аб'ём закупак гэтай групы тавараў на 87 працэнтаў да Br33 млн. У экспарце пераважалі здзелкі з малочнай прадукцыяй. У прыватнасці, пастаўкі сметанковага масла за мяжу павялічыліся на 29 працэнтаў, перавысіўшы Br36 млн, казеіну тэхнічнага - больш як у 3 разы, да Br13 млн, а вось сухое малако пакуль яшчэ не выйшла на траекторыю ўстойлівага росту - яго продажы скараціліся на 48 працэнтаў у параўнанні са студзенем - жніўнем мінулага года", - адзначыў прэс-сакратар БУТБ.
Уклад у агульнабіржавы абарот самай універсальнай гандлёвай секцыі - прамысловых і спажывецкіх тавараў - склаў Br167 млн (плюс 53 працэнты да адпаведнага перыяду 2016 года). Найбольшы аб'ём здзелак зафіксаваны з будматэрыяламі, абсталяваннем і запчасткамі, а таксама сродкамі для аховы раслін і прадуктамі харчавання.
Па стане на 1 верасня на БУТБ акрэдытавана 18 тыс. 085 кампаній, уключаючы 3 тыс. 746 нерэзідэнтаў з 59 краін.