29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У мінулым годзе лясгасы Беларусі нарасцілі экспарт піламатэрыялаў амаль на 40 працэнтаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Па выніках 2023 года лесагаспадарчымі ўстановамі было рэалізавана на экспарт больш як 955 тыс. куб.м пілапрадукцыі. "Гэта на 37,8 працэнта больш, чым у 2022 годзе. Лічбы рэкордныя, - падкрэслілі ў ведамстве. - Мінлясгасу ўдалося пераарыентаваць гандлёвыя патокі з заходнееўрапейскіх рынкаў на рынкі дружалюбных краін. Сёння прадукцыя беларускіх лясгасаў пастаўляецца ў 9 краін свету".
У прэс-службе таксама адзначылі, што цяпер у галіне ажыццяўляюць дрэваапрацоўчую дзейнасць сто вытворчасцей, у тым ліку 88 цэхаў дрэваапрацоўкі і 12 майстэрневых участкаў. У сістэме Мінлясгаса захаваны дрэваапрацоўчыя цэхі, дзе працуюць больш за 4,5 тыс. чалавек, якія пражываюць у асноўным у малых гарадах і сельскай мясцовасці.