9 жніўня, Шклоў /Кар. БЕЛТА/. Галоўнай мэтай стварэння інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы павінны быць фінансы і паляпшэнне паказчыкаў работы гаспадарак, якія аб'ядноўваюцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Шклове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пра сваё бачанне эфектыўнага развіцця сельгасвытворчасці ў Шклоўскім раёне на нарадзе далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Вытворчых задач, якія датычацца перагляду структуры пасяўных плошчаў, развіцця малочнатаварных комплексаў, загрузкі перапрацоўкі і многіх іншых пытанняў, шмат. Але ўсё ўпіраецца ў дысцыпліну, прызнаўся кіраўнік рэгіёна. "Усё гэта рэальна, усё ажыццявіма. Але, зноў жа, пры захаванні строгай тэхналагічнай дысцыпліны. Усе нашы разлікі паказваюць, што гэта рэальна", - сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Дадатковую магчымасць для развіцця ў рэгіёне таксама бачаць ва ўзбуйненні гаспадарак, стварэнні інтэграцыйных структур. Такі вопыт у Слаўгарадскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці даў пэўны станоўчы вынік. Ёсць прапанова такім чынам дзейнічаць і ў Шклоўскім раёне.
Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што проста аб'ядноўваць гаспадаркі дзеля аб'яднання не трэба, паколькі гэта само па сабе не панацэя. "У канцы фінансы павінны быць", - падкрэсліў ён.
"Яшчэ раз гавару, не абвяргаючы вашы тэзісы. Але я катэгарычна супраць, каб зверху націскалі на гэта аб'яднанне. Мы ўжо ў савецкія часы і аб'ядноўвалі, і раз'ядноўвалі. Рэарганізацыя праблему асноўную не вырашае. Калі б ты сказаў, што мы аб'яднаем дзве гаспадаркі і туды прыйдзе добры інвестар, - іншая справа. А так проста дзве гаспадаркі аб'ядналі, - заявіў беларускі лідар. - Трэба вельмі акуратна падыходзіць і пераконваць людзей. Не павінна быць навязвання зверху".
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на прадаўжэнне інтэграцыі сельгасвытворцаў, стварэнне буйных кампаній з поўным цыклам вытворчасці.
"Там, дзе гэта патрэбна, - зрабіў акцэнт Прэзідэнт. - Там, дзе можа працаваць асобная гаспадарка тыпу "Гарадзец", "Гастэлаўскае", "Усход" і іншыя, добрыя гаспадаркі, невялікія, няхай працуюць". Калі сама гаспадарка ў працэсе развіцця прыходзіць да таго, што ёй недастаткова зямель, то дзяржавай гэта вітаецца.
"Таму шукаем з губернатарам свабодныя плошчы, каб далучыць да гэтай гаспадаркі і эфект большы атрымаць. Мы ведаем, што там атрымаецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт перасцярог ад таго, каб прымусова праводзіць узбуйненне. Рашэнне трэба прымаць на месцах, зыходзячы з сітуацыі.
"Не губіце яе далучэннем нейкай слабай гаспадаркі. Гэта будуць гіры на нагах гаспадаркі, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Шчыра кажучы, я не прыхільнік буйных гаспадарак. Але бачу, што тэндэнцыя такая. Але штучна нічога рабіць не трэба".