5 мая, Пекін /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У час візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Мінск плануецца падпісанне каля 30 дагавораў аб эканамічным супрацоўніцтве на агульную суму прыкладна $15,7 млрд. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела дэпартамента Еўропы і Азіі Міністэрства камерцыі КНР Чжан Дун.
Ён удакладніў, што таксама чакаецца падпісанне пагадненняў у іншых галінах.
Сі Цзіньпін наведае Беларусь з дзяржаўным візітам 10-12 мая па запрашэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта будзе першы за апошнія 14 гадоў візіт Старшыні КНР у Беларусь.
Замежнае турнэ кітайскага лідара пачнецца 7 мая з наведвання Казахстана. Потым ён накіруецца ў Расію, дзе будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Тэматыка Вялікай Перамогі будзе закранута і ў час прыезду Старшыні КНР у Мінск. Плануецца, што ў гэтыя святочныя дні юбілею Перамогі ён разам з дэлегацыяй ускладзе кветкі да манумента Перамогі ў Мінску.