13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
У Беларусі створаць новыя эталоны ў галіне атамнай энергетыкі і нанаіндустрыі. Аб гэтым ішла размова сёння ў час наведвання прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым аб'ектаў, якія знаходзяцца ў структуры Дзяржстандарту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Андрэй Кабякоў азнаёміўся з ходам рэканструкцыі комплексу па вул. Наватарскай, дзе пасля завяршэння работ размесціцца Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі. Паводле слоў старшыні Дзяржстандарту Віктара Назаранкі, плануецца, што рэканструкцыя завершыцца ў 2018 годзе. У Беларускім дзяржаўным інстытуце метралогіі кіраўнік урада азнаёміўся з нацыянальнымі эталонамі Беларусі, вымяральнымі лабараторыямі і выпрабавальнай лабараторыяй харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі.
У ходзе візіту абмяркоўвалася будучыня не толькі двух інстытутаў, але і ў цэлым развіццё інфраструктуры якасці ў краіне. Прэм'ер-міністр даручыў Дзяржстандарту сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях прапрацаваць пытанне пашырэння эталоннай базы. У прыватнасці, размова ішла аб стварэнні новых эталонаў, якія патрэбны для эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі, а таксама эталонаў для нанаіндустрыі. Цяпер ёсць пакет эталонаў, якія забяспечваюць стварэнне атамнай станцыі, але гэтага недастаткова для забеспячэння яе эксплуатацыі. Таму прадугледжана стварэнне 6 новых эталонаў. Адна з найбольш складаных задач - стварэнне эталона патоку нейтронаў, які па патрабаваннях бяспекі павінен размяшчацца за межамі горада.
Мяркуецца, што пляцоўкай для яго можа стаць ДНУ "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук. Таксама абмяркоўвалася стварэнне метралагічнай службы на Беларускай АЭС і ў цэлым функцыянаванне метралагічных аддзелаў на прадпрыемствах. "Магчыма, трэба выстаўляць і нейкія патрабаванні да арганізацый па стане метралагічнай службы, перыядычнасці яе праверак. Паколькі гэта звязана непасрэдна з пытаннямі якасці", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Пры неабходнасці гэтыя патрабаванні могуць быць прапісаны на заканадаўчым узроўні.
З удзелам кіраўніка ўрада абмяркоўвалася абарона рынку ад няякаснай і небяспечнай прадукцыі. Андрэй Кабякоў даручыў павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага нагляду ў гэтай сферы, які выконваюць шэраг органаў дзяржкіравання. Акрамя таго, даручана актыўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы пры ўнясенні змяненняў у дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Так, у ЕАЭС было прынята рашэнне, што паслугі па распрацоўцы тэхнічных рэгламентаў і стандартаў павінны аказвацца на конкурснай аснове. Гэта прывяло да таго, што нізкая цана паслуг стала ключавым фактарам пры выбары распрацоўшчыка, а гэта недапушчальна з улікам таго, якую ролю адыгрываюць тэхрэгламенты і стандарты, лічаць у Дзяржстандарце.
Закраналася таксама тэма ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, неабходнасць стварэння ў краіне навуковых цэнтраў для ўстаранення бар'ераў у гандлі, звязаных з санітарнымі і фітасанітарнымі пытаннямі. Прэм'ер-міністр асаблівую ўвагу ўдзяліў пытанню каардынацыі развіцця выпрабавальных лабараторый, якія падпарадкоўваюцца розным органам дзяржкіравання. Механізм скаардынаванага развіцця такіх лабараторый, асабліва звязаных з харчовай прамысловасцю, будзе прапрацаваны ў бліжэйшы час.
У Беларусі прыняты комплекс мер на 2016-2020 гады па стымуляванні ўкаранення ў эканоміку перадавых методык і сучасных міжнародных сістэм кіравання якасцю. Прэм'ер-міністр даручыў прааналізаваць, як рэалізуюцца гэтыя меры і што неабходна для больш эфектыўнай работы ў гэтым напрамку.