14 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацоўваюцца кропкавыя меры падтрымкі суб'ектаў гаспадарання і людзей, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі з-за каранавіруса. Аб гэтым паведаміў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Леанід Брыч.
"Урад бачыць гэту праблему і ставіць задачы па яе вырашэнні. Распрацоўваецца комплекс мер, накіраваных на падтрымку эканомікі і сацыяльнай сферы. Рэальнаму сектару расшыраны асартымент і павялічаны аб'ёмы прадастаўляемых урадам гарантый па крэдытах. Нямала прапаноў уносяць і дэпутаты, - адзначыў Леанід Брыч. - Робіцца ўсё неабходнае, каб максімальна захаваць працоўныя месцы, мінімізаваць рызыкі і страты для прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. Разглядаюцца варыянты падтрымкі фізічных асоб, чые даходы скараціліся з-за пандэміі".
Парламентарый растлумачыў, што комплекс эканамічнай падтрымкі будзе рэалізаваны ў некалькі этапаў. Вядзецца падрыхтоўка праекта адпаведнага ўказа. У прыватнасці, разглядаюцца магчымасці пераносу тэрмінаў выканання суб'ектамі гаспадарання падатковых абавязацельстваў, прадастаўлення права мясцовым Саветам дэпутатаў уводзіць паніжаючыя каэфіцыенты да маёмасных падаткаў, правядзення так званых падатковых канікулаў для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых. Яшчэ адной дзейснай мерай у гэтым напрамку можа стаць павелічэнне тэрмінаў знешнегандлёвых аперацый са 180 да 280 каляндарных дзён.
"Мы прапануем прыпыніць выплаты сум асноўнага доўгу і працэнтаў па крэдытах, прадаставіць малому і сярэдняму бізнесу канікулы на выплату камунальных паслуг. Яшчэ адзін з варыянтаў падтрымкі - прапанаваць пацярпелым ад пандэміі акцыянерным таварыствам правесці дадатковую эмісію прывілеяваных акцый з далейшым набыццём іх дзяржавай з безумоўным правам адваротнага выкупу ў поўным аб'ёме, калі сітуацыя нармалізуецца", - адзначыў Леанід Брыч. Таксама прадугледжваецца спрашчэнне парадку і ўмоў прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі сем'ям, якія ў цяперашніх умовах страцілі даход. Сярод прэферэнцый можна назваць і вызваленне ад налічэння пені (да шасці месяцаў) у выпадку нясвоечасовай аплаты камунальных паслуг.
Асаблівую ўвагу распрацоўшчыкі комплекснага плана ўдзяляюць магчымасцям забеспячэння аддаленай работы персаналу прадпрыемстваў і дыстанцыйнага навучання школьнікаў і студэнтаў.