24 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У Беларусі плануецца дадаткова адкрыць 4 магазіны duty free на ўездзе ў краіну. Аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Турчына, такім чынам агульная колькасць магазінаў duty free, якія працуюць на ўезд у аўтамабільных пунктах пропуску, дасягне пяці. Цяпер на ўездзе ў краіну ў аўтадарожным пункце пропуску дзейнічае ў якасці эксперыменту адзін такі магазін. Яшчэ два размешчаны ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
"У цэлым Прэзідэнт падтрымаў унесеныя прапановы. Дадаткова будзе забяспечана функцыянаванне яшчэ 4 магазінаў бяспошліннага гандлю, якія будуць працаваць на ўезд", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Ён удакладніў, што гэтыя магазіны знаходзяцца да заканчэння зоны мытнага кантролю, а таму супрацоўнікі мытні будуць праводзіць стандартныя працэдуры надгляду. "Пакупкі ў рамках тых норм, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ЕАЭС", - адзначыў Аляксандр Турчын.
"Пяць (у аўтадарожных пунктах пропуску. - Заўвага БЕЛТА) - гэта аптымальна. Мы паглядзім па выніках 2019 года, дадзім адпаведную ацэнку. Будзем уважліва маніторыць гэту работу, каб мы былі дакладна ўпэўнены, што гэтыя магазіны прыносяць карысць нашай краіне", - сказаў Аляксандр Турчын.
Адказваючы на пытанне аб тэрмінах адкрыцця новых гандлёвых кропак, ён сказаў: "У цэлым рашэнне падтрымана, урад сумесна з Кіраўніцтвам справамі ў бліжэйшы час унясе на разгляд Прэзідэнта адпаведны праект распараджэння. Як толькі Прэзідэнт падпіша распараджэнне, гэтыя магазіны пачнуць працаваць".
Што датычыцца апасенняў аб магчымай канкурэнцыі з вытворцамі аналагічнай прадукцыі ў Беларусі, першы віцэ-прэм'ер запэўніў, што прамой канкурэнцыі няма. Асноўныя тавары ў магазінах duty free - гэта алкагольная прадукцыя, тытунёвая, а таксама парфумерыя. "Як правіла, гэты асартымент не перасякаецца з тым асартыментам, які выпускаюць нашы вытворцы", - сказаў ён.
"Усё ж такі падаткі, якія выплачваюць гэтыя магазіны, ідуць у беларускі бюджэт. І мы чалавеку даём права выбару: купіць гэтыя тавары на тэрыторыі сумежных дзяржаў (ад гэтага ні бюджэт, ні суб'екты гаспадарання не атрымліваюць нічога) або ўсё ж такі прагаласаваць рублём у гэтых (беларускіх. - Заўвага БЕЛТА) магазінах", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.