Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

6 Кст 2017

У Беларусі навучылі штучны інтэлект дыягнаставаць некаторыя захворванні

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі навучылі штучны інтэлект дыягнаставаць некаторыя захворванні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА аўтар ідэі, адзін з распрацоўшчыкаў Яраслаў Ліхачэўскі.

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне апрацоўвае фатаграфіі вочнага дна пацыентаў, атрыманыя з дапамогай прафесійнага абсталявання - фундус-камеры. У выніку сістэма вызначае, здаровыя ў пацыента вочы або ёсць паталогія. Больш таго, у выпадку захворвання яна дыягнастуе змяненні на вочным дне пры цукровым дыябеце і міяпіі. У перспектыве магчымасці сістэмы пашырацца. Плануецца, што яна зможа выяўляць большасць вядомых сёння захворванняў.

З камандай распрацоўшчыкаў супрацоўнічаюць вопытныя кансультанты-афтальмолагі, якія правяраюць правільнасць пастаноўкі дыягназаў. На думку спецыялістаў, сістэма можа стаць добрым памочнікам у рабоце ўрача. Напрыклад, будзе праводзіць дыягностыку большасці захворванняў вачэй, у той час як афтальмолаг - удзяляць час складаным сітуацыям, а таксама хірургічным умяшанням.

Сістэма стане добрай падмогай і ў рабоце тэрапеўтаў і ўрачоў агульнай практыкі, якія праводзяць першасны агляд пацыентаў. Медыкі змогуць больш паспяхова дыягнаставаць простыя выпадкі захворванняў вачэй, а пры неабходнасці накіроўваць да вузкага спецыяліста.

Распрацоўшчыкі разлічваюць, што ў будучым за станам здароўя вачэй чалавек зможа сачыць самастойна. Для гэтага спатрэбіцца ўстанавіць на смартфон мабільны дадатак і набыць спецыяльную лінзу-насадку на аб'ектыў камеры тэлефона. Такія насадкі ў апошнія месяцы атрымалі шырокае распаўсюджванне, яны дазваляюць пашырыць магчымасці ўбудаванай фотакамеры. У гэтым выпадку з дапамогай лінзы можна атрымаць фатаграфіі вочнага дна, аналагічныя тым, што атрымліваюць з выкарыстаннем фундус-камеры. Калі праграма, прасканіраваўшы фота, выявіць адхіленні ў здароўі пацыента, яна прасігналізуе аб неабходнасці запісацца на прыём да спецыяліста.

"На жаль, яшчэ застаюцца рэгіёны, у якіх ёсць цяжкасці з доступам да кваліфікаванай афтальмалагічнай меддапамогі. Не ўсюды ёсць прафесійнае абсталяванне, - адзначыў Яраслаў Ліхачэўскі. - Ёсць праграма, па якой выязная брыгада афтальмолагаў наведвае аддаленыя населеныя пункты і дыягнастуе там захворванні вачэй у дзяцей. Мы разлічваем, што наша распрацоўка будзе карысная ў тых рэгіёнах, куды такая дапамога яшчэ не паспела дайсці".

Работа ў гэтым напрамку пачалася ў снежні 2016 года, але актыўная распрацоўка праекта вядзецца толькі з пачатку верасня. Цікавасць да распрацоўкі праявілі некалькі інвестараў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі