30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі намалочана 7 млн т збожжа з улікам рапсу. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На сённяшнюю раніцу ў краіне ўбрана 97 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы), а намалочана больш за 6977 тыс. т збожжа з улікам рапсу. Аднак ужо да абеду аграрыі дасягнулі намалоту збожжа 7 млн т, уключаючы рапс", - расказаў Уладзімір Гракун.
Уборачная набліжаецца да завяршэння. "Засталіся пасевы позніх крупяных культур - грэчкі і проса. На раніцу было намалочана больш за 5 тыс. т грэчкі", - адзначыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, атрыманага збожжа дастаткова для выканання дзяржзаказу - забяспечыць насельніцтва хлебам, засыпаць насенне ў страхавы фонд (больш за 800 тыс. т), паставіць збожжа піваварнай галіне (100 тыс. т), а таксама на спірт (150 тыс. т). Астатнія аб'ёмы дазволяць забяспечыць пагалоўе грамадскай жывёлы фуражным збожжам.
"Птушкафабрыкам і свінакомплексам, якія не змогуць закупіць аб'ёмы збожжа беларускага ўраджаю, згодна з пастановай Савета Міністраў дадзена права закупіць адсутныя аб'ёмы за мяжой. Аднак мы бачым, што пакуль нашага збожжа хапае", - рэзюмаваў Уладзімір Гракун.