19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі наладжаны строгі шматступеньчаты кантроль бяспекі харчовай сыравіны, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Дубікоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У краіне наладжаны строгі шматступеньчаты кантроль бяспекі харчовай сыравіны. Ён пачынаецца на месцы вытворчасці. Напрыклад, вытворца малака, адпраўляючы партыю сыравіны на прадпрыемствы, праводзіць пэўныя даследаванні, прадугледжаныя заканадаўствам. Затым малако пры паступленні на прадпрыемства даследуецца на прадмет выканання ўсіх патрабаванняў. Пасля перапрацоўкі малака праводзіцца таксама кантроль бяспекі атрыманай прадукцыі. Па ўсіх відах харчовай сыравіны за 2017 год мы выявілі ўсяго каля 0,1 працэнта неадпаведнасці патрабаванням", - сказаў Віталь Дубікоўскі.
Ён падкрэсліў, што беларуская сістэма кантролю бяспекі харчовай сыравіны адпавядае міжнародным патрабаванням. "Калі беларускія прадпрыемствы інспектуюцца на права паставак прадукцыі ў пэўную краіну, як правіла, ацэньваецца ўся сістэма кантролю сыравіны і вырабляемай прадукцыі. Інспекцыі розных дзяржаў прызналі нашу сістэму кантролю адпаведнай іх патрабаванням. У прыватнасці, шэраг беларускіх прадпрыемстваў мае права пастаўляць малочную, рыбную прадукцыю ў ЕС, ялавічыну і малочную прадукцыю ў Кітай", - дадаў начальнік упраўлення.
Загадчыца аддзялення гігіены харчавання Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вія Шукевіч таксама расказала аб кантролі бяспекі прадуктаў харчавання на рынках Беларусі. "Дзяржаўны санітарны нагляд за рынкамі ажыццяўляецца на пастаяннай аснове. Сярод выяўленых недахопаў асноўную частку складаюць парушэнні ўмоў захоўвання прадукцыі (35 працэнтаў), рэалізацыя харчовай сыравіны без дакументаў, што засведчваюць якасць і бяспеку (17 працэнтаў), рэалізацыя прадуктаў без маркіроўкі або з няпоўнай маркіроўкай (12 працэнтаў), рэалізацыя прадуктаў з пратэрмінаванай прыгоднасцю (8 працэнтаў) і г.д. На сёння найбольш праблемнымі пытаннямі на рынках з'яўляюцца факты нясвоечасовага правядзення работ па паляпшэнні санітарна-тэхнічнага стану аб'ектаў - замены зношанага інвентару, абнаўлення тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, правядзення бягучых рамонтных работ", - адзначыла яна.