4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2021-2025 гадах падрыхтуюць не менш за 500 спецыялістаў для ядзернай энергетыкі. Пастанова Савета Міністраў ад 29 студзеня 2021 года нумар 57 аб зацвярджэнні дзяржпраграмы "Адукацыя і маладзёжная палітыка" на пяцігодку афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
З улікам заявак дзяржорганаў і арганізацый прапануецца прадоўжыць падрыхтоўку па спецыяльнасцях для ядзернай энергетыкі не менш як 20 чалавек штогод па кожнай з пяці асноўных спецыяльнасцей у трох ВНУ і Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжы. Па спецыяльнасцях "ядзерныя фізіка і тэхналогіі", "хімія высокіх энергій" будуць рыхтаваць кадры ў БДУ, па спецыяльнасці "ядзерная і радыяцыйная бяспека" - у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава БДУ. Праектаванню і эксплуатацыі атамных электрычных станцый будуць навучаць у БНТУ, БДУІР будзе весці падрыхтоўку па спецыяльнасці "электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак".
Для папаўнення прафесарска-выкладчыцкага складу кафедраў устаноў адукацыі высокакваліфікаванымі кадрамі актуальным застаецца пытанне аб падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі і магістраў, у тым ліку за мяжой. У 2021-2025 гадах плануецца накіраваць на вучобу ў аспірантуру і магістратуру замежных дзяржаў больш за 10 чалавек.
Цяпер падрыхтоўку ў галіне ядзернай энергетыкі праходзяць каля 500 чалавек. У 2013-2019 гадах па пяці асноўных спецыяльнасцях выпушчаны больш за 850 спецыялістаў, трэцяя частка выпуску была запатрабавана на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС і пры камплектаванні штату эксплуатацыйнага персаналу, больш за трэць - у арганізацыях, звязаных з ядзернай энергетыкай і крыніцамі іанізуючага выпрамянення, астатнія - у сумежных галінах эканомікі. Аб'ёмы выпускаемых спецыялістаў далі магчымасць у поўнай меры задаволіць патрэбнасці Беларускай АЭС (цяпер эксплуатацыйны персанал у цэлым сфарміраваны) і ўсёй ядзернай энергетыкі рэспублікі, адзначаецца ў дзяржпраграме.